У г.п. Зэльва, у рамках свята “Ганненскі кірмаш”, упершыню адбыўся адкрыты абласны пленэр-конкурс саломапляцення “Саламяны дуэт”

У конкурснай праграме бралі ўдзел знакамітыя майстры саломапляцення, носьбіты традыцыі гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь “Беларускае мастацтва саломапляцення” з Бераставіцкага, Гродзенскага, Зэльвенскага, Карэліцкага, Мастоўскага, Слонімскага раёнаў і г.Гродна.

На працягу чатырох гадзін майстры традыцыйна выпляталі, крэатыўна канструявалі з саломы выявы конікаў і дэкаратыўныя падкоўкі – сімвалы “Ганненскага кірмашу”. У наведвальнікаў свята гэта выклікала непадробную зацікаўленасць да такога папулярнага народнага рамяства, як саломапляценне. Створаныя падчас пленэра-конкурсу работы застануцца ў музейнай скарбонцы “Ганненскага кірмашу”.

Журы прызнала лепшымі наступных майстроў:

I месца – Ірына Шавельская (Гродзенскі раён);

II месца – Тамара Касьян (Бераставіцкі раён);

III месца – Ніна Мароз (Слонімскі раён).

Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны работы Алены Панас (г.Гродна) і Вольгі Вайтовіч (г.Масты).

Арганізатары свята паклапаціліся аб тым, каб у кожнага ўдзельніка пленэра засталіся найлепшыя ўражанні аб цікавай святочнай імпрэзе.