У Гродне прыхільнікі польскага рока здзейснілі музычны экскурс у недалёкае мінулае

28 студзеня ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў рамках адкрытага пасяджэння клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” адбылася музычная сустрэча “Анталогiя польскага рока”

 Напачатку вечарыны кіраўнік клуба А.Закрэўскі прадставіў цікавы агляд развіцця польскай рок-музыкі, яе накірункаў, пазнаеміў з творчасцю лепшых рок-гуртоў. Адразу ж паміж удзельнікамі сустрэчы завязаўся невялікі, але змястоўны дыялог на тэму актуальнага стану польскага рока.

Пачэснымі гасцямі імпрэзы сталі ўдзельнікі гурта «НARD BLUES SHOT»   у крыху абноўленым складзе: Анатоль Пудзін – гітара; Вадзім Сідараў – бас-гітара, вакал; Юрый Грыгер – барабаны, вакал; Артур Сабіраў – гітара, вакал; Мікалай Хітрык – вакал.

Артысты ўразілі гледачоў цікавымі ўласнымі версіямі знакамітых польскіх рок- і поп-рок-гуртоў: «Lombard», «Lady Pаnk», «Perfekt», «Kombi», «Breakout». Вельмі варазна ў стылі хард-рок прагучалі дзве песні з рэпертуару рок-гурта “ТSA”. Зладжаная ігра Вадзіма Сідарава на басу і Юрыя Грыгера на барабанах, тэхнічныя пасажы на гітары лідэр-гітарыста Анатоля Пудзіна, моцны вакал Мікалая Хітрыка – усё гэта сведчыць аб тым, што гурт набывае свае блюз-рокавыя інтанацыі.

Гледачы, якія амаль цалкам запоўнілі залу метадычнага цэнтра, вельмі цёпла прымалі ўсе творы, якія гучалі ў гэты вечар. Для многіх з прысутных гэта музыка стала своеасаблівым “настальжы” па вяселых часах маладосці 90-х. Гледачы ж малодшага ўзросту з задавальненнем здзейснілі захапляльны музычны экскурс ў недалекае мінулае XX стагоддзя.