У Лідскім раёне прайшлі зажынкі – дадзены старт уборачнай кампаніі

Зажынкі – гэта старажытны абрад у гонар збору новага ўраджаю збожжа. У ім адлюстраваліся глыбокая павага селяніна да поля, да хлеба. Таму не выпадкова першы сноп называлі «гаспадаром» (з пашанай неслі яго ў свой дом ці ў дом гаспадара, за што апошні павінен быў жней пачаставаць).

Вось і ў мінулую сераду ў полі каля вёскі Істакі гаспадаркі КСУП «Беліца-Агра» адбыліся «Зажынкі». На поле было ажыўлена: сабралася кіраўніцтва раёна, святары, работнікі сельгаспрадпрыемства і мясцовыя жыхары. Каля хлебнай нівы ў калону выстраілася тэхніка, гатовая прыняць збожжа. Атмасфера даўняга славянскага свята перадавалася ў песнях і цёплых словах да чалавека працы, збожжа. На думку земляробаў, дзякуючы святу ўраджай абавязкова будзе багатым, а надвор’е дапаможа ў яго ўборцы!