У Рагозніцы Мастоўскага раёна ўшанавалі крухмальшчыкаў

У Рагозніцы прайшло брэндавае  свята “Крухмальныя гісторыі”. У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў крухмальшчыкаў, а таксама мясцовыя жыхары.

Вядучыя зрабілі экскурс ў гісторыю прадпрыемства. У 1912 годзе ў Рагозніцы мясцовым памешчыкам  Мейштовічам быў пабудаваны крухмальны завод. Некалькі будынкаў таго часу захаваліся да нашых дзён. Прадпрыемства расло і развівалася. Поступова Рагозніца стала крухмальнай сталіцай не толькі раёна, але і вобласці.

Цяпер Рагозніцкі крухмальны завод – гонар  раёна. Яго прадукцыя пад назвай “Крахмалыч” вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: у Кітаі, Германіі і іншых краінах. Прадпрыемства размешчана на дзвюх  пляцоўках: адна па-ранейшаму знаходзіцца ў Рагозніцы, другая — ў Лядзе.   Да мастоўскага прадпрыемства таксама далучаны завод ў Борках.  Аб’яднанае прадпрыемства  выпускае да 300 кілаграмаў крухмалу ў суткі, больш як пяць тысяч тон ў год.

На заводзе працуюць старанныя і таленавітыя людзі, якім былі адрасаваны шчырыя словы ўдзячнасці. Святочную  праграму дапоўнілі выступленні самадзейных артыстаў,  у фае працавала выстава  прадукцыі прадпрыемства, усе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у гульнях і конкурсах.

Павіншаваў прысутных са святам старшыня Пескаўскага сельскага Савета Валянцін Кавалевіч:

— Вельмі добра, што жыхары нашага аграгарадка сабраліся разам, каб адзначыць працу крухмальшчыкаў, успомніць гісторыю нашага прадпрыемства і тых, хто працаваў і працуе на ім.

Усе прысутныя змаглі пачаставацца стравамі з бульбы, якія з вялікім майстэрствам прыгатавалі жыхаркі аграгарадка.

Па матэрыялах Мастоўскай раённай газеты «Зара над Неманам» і газеты «Гродзенская праўда»

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)