У Слоніме адбыўся III рэгіянальны фестываль нацыянальных культур “Сяброўства без межаў”

У мінулую нядзелю слонімскі гарадскі парк на беразе старадаўняга канала Агінскага стаў месцам сустрэчы, якое ўжо трэці год запар не мяняецца. Прычына таму – цалкам паважлівая і, больш за тое, святочная, урачыстая: 7 кастрычніка ў Слоніме адбыўся III рэгіянальны фестываль нацыянальных культур “Сяброўства без межаў”.

Фэст традыцыйна збірае пад купалам сяброўства і добрасуседства прадстаўнікоў усіх нацыянальных дыяспар, што жывуць на тэрыторыі Слонімшчыны. Сярод нацыянальнасцяў, якія былі прадстаўлены на свяце, назавём украінцаў, палякаў, рускіх, цыган, цюркскія народы. Вянком у пярэстай размаітасці свята была тытульная нацыя краіны – беларусы, якія злучаюць усе іншыя народы, што жывуць на нашай зямлі. Гэта ідэя стала галоўным дэвізам свята: размаітасць і рознасць, што жывуць побач, і жывуць дружна, талерантна ставячыся адно да аднаго.

Святочнай раніцай да гарадскога парка, які па праве можна назваць сведкам многіх слаўных дзействаў у найноўшай гісторыі Слоніма, з’ехаліся ўдзельнікі, артысты і госці свята. І свята пачалося, закруціла ў сваёй шумнай і вясёлай віхуры ўсіх ад малога да старога. Сярод гасцей, як і заўсёды ў гарадскія святы, было нямала людзей пажылога ўзросту, шмат сем’яў з дзецьмі. Былі тут і падлеткі, якія прыйшлі кампаніямі сяброў, і сямейныя пары. Адпачываючых наперабой частавалі дзівоснымі кулінарнымі шэдэўрамі, зазывалі песнямі і прымаўкамі, паказвалі традыцыйныя рамёствы і абрады, заклікалі да забаваў і танцаў. Тэрыторыя кожнай нацыянальнай дыяспары ўяўляла сабою падворак, дзе можна было пазнаёміцца з асаблівасцямі нацыянальнай кухні, вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнымі традыцыямі. Кожны ахвотны мог падысці да гаспадароў падворкаў і паспрабаваць сябе ў ролі дэгустатара, рамесніка, знатака народных шэдэўраў. А на шырокім кірмашы, што раскінуўся ў цэнтральнай частцы парка, надзвычай прыемна было адчуць сябе важным госцем, аточаным увагай шматлікіх майстроў, якія вырабляюць упрыгожванні, традыцыйнае адзенне, цацкі, прадметы хатняга побыту. І пайсці не з пустымі рукамі, а хоць бы з невялікім падарункам для сябе (свята ж!) і родных (а як жа інакш?).

Цэнтральным аўдыявізуальным складнікам фестывалю стаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры раёна і прадстаўнікамі нацыянальных дыяспар, што ўдзельнічалі ў свяце. Пра яго якасць можна сказаць адно: крыкі “Біс!” і “Брава!” чуліся з усіх бакоў літаральна штохвіліны. Значыць, не дарэмна стараліся слонімскія артысты!

У самым сэрцы Слоніма панавала атмасфера асаблівага адзінства, утульнасці, зычлівасці. Сапраўднае сяброўства без межаў: шчыра весяліліся побач абсалютна ўсе! Доказам таму могуць служыць хоць бы памеры карагодаў, якія ў дзень свята кружылі па парку пад запальную музыку. Варта было бачыць – варта было ўдзельнічаць!

Па матэрыялах аб’яднанай газеты «Слонімскі веснік»

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)