У сталіцы кошыка – аграгарадку Ёдкі, адзначылі свята “Кошык плесці – не байкі весці”

Вось ужо трэці год запар у аграградку Ёдкі адбываецца свята, прысвечанае амаль самаму незамянімаму прадмету ў гаспадарцы – кошыку.

Ганаровае месца ў цэнтры падзеі займалі майстры пляцення Алена Войсят з вёскі Наркуны Крупаўскага сельсавета, Канстанцін Дзірбук з вёскі Панямонцы і Міхаіл Кельнік з хутара Збляны Беліцкага сельсавета, Віктар Кудло з аграгарадка Дворышча,  якія тут жа плялі кошыкі і былі гатовы расказаць, паказаць, навучыць, або проста прадаць ці падараваць свой кошык.

Якіх толькі кошыкаў тут не было: лазовыя, з упаковачнай ленты, шпагату, газеты, паперы – прыгожыя, зручныя і неабходныя ў кожным доме.

Арганізатары свята падрыхтавалі шмат цікавых пляцовак – працавалі выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сувеніраў, разнастайных кошыкаў і плеценых вырабаў з розных матэрыялаў. Для дзяцей працавала пляцоўка “Арт-кафэ”, дзе можна было сагрэцца цёплай гарбатай і адначасова стаць удзельнікам майстар-класу па пляценню кошыкаў з папяровых трубачак, пляцоўка “Аквагрым”, латэрэя “Чароўны кошык”! Пляцоўка “Ёдкаўскія прысмакі” запрашала паласавацца салодкімі ласункамі, а “Кошык пажаданняў” перадаваў аднасяльчанам прывітанні і цёплыя словы.

Ну, і якое ж свята без песень і гульняў?.. Забаўляў гасцей свята “кошык весялосці” з гульнямі ды жартамі, гумарыстычныя замалёўкі артыстаў Ганчарскага, Першамайскага Дамоў культуры, Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, канцэртная праграма ансамбля народнай музыкі “Вечарынка” з аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна.

Дзякуем усім, хто сабраўся на свяце кошыка – за інтарэс і неабыякавасць да народных рамёстваў. А майстам – за адраджэнне лозапляцення і шанаванне беларускіх народных традыцый!