Вечарына ў гонар Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Гродне

“Прамяніся ярчэй і ярчэй ды звіні ўсё званчэй і званчэй, наша простае, шчырае слова – беларуская родная мова!” – пад такім дэвізам 24 лютага ў Гродне прайшла вечарына, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Імпрэза адбылася ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Ва ўступным слове кіраўнік калектыву Аляксандр Закрэўскі выказаў некалькі цікавых думак аб сённяшнім стане беларускай мовы і перпектывах яе далейшага развіцця.

Мастацкая частка вечарыны пачалася з песень, напісаных А.Закрэўскім на вершы Янкі Купалы, і смаргонскай паэткі Алы Клімянок. Шчыра і вытанчана прагучалі вершы пра родную мову знакамітых беларускіх паэтак Я.Янішчыц і Л.Геніюш у выкананні ўдзельніка клуба Галіны Закрэўскай. Старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч уразіла гледачоў сваімі кранальнымі вершамі, а пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая прачытала ўрывак з уласнага апавядання для дзяцей аб роднай мове. Выразна прагучала аўтарская жартоўная песня ў выкананні барда Андрэя Татура. Дарэчы, для яго выступленне менавіта па-беларуску стала дэбютным, бо звычайна аўтар піша і спявае на рускай мове. Чыталі свае вершы і ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Надзея”: Святлана Глямбоцкая, Святлана Елісеева, Святлана Барнавалава, Ігар Субоцін.

Вершам выбітнага беларускага паэта Р.Барадуліна павіншавала прысутных Алена Рапінчук – дырэктар Музея М.Багдановіча. Кожны з выступоўцаў не толькі пазнаёміў публіку з уласнай паэзіяй, але і падзяліўся сваімі думкамі аб значэнні роднай мовы ў жыцці кожнага беларуса. Удзельнікі вечарыны прыйшлі да высновы, што самым лепшым сродкам, які дапаможа знайсці шлях да нашай мовы, будзе зварот да беларускай класічнай літаратуры, што зберагае роднае слова для будучых пакаленняў.