Выстава «Карані творчасці» ваўкавыскіх майстроў адкрыецца ў Гродне 21 кастрычніка

Галоўнай асаблівасцю экспазіцыі стануць тканыя вырабы ў тэхніцы «простага двухнітовага» ткацтва народнага майстра Рэспублікі Беларусь Любові Балёнь і яе пераемніцы Яніны Іюльскай. Творчасць майстрых як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці ў 2016 годзе ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

21 кастрычніка а 15-й гадзіне майстры чакаюць гасцей і прыхільнікаў сваёй творчасці ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці» па адрасу вул. Савецкая, 8. Наведвальнікі выставы змогуць пабачыць каля 140 вырабаў, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

Справаздачная выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці «Карані творчасці» аб’яднала 15 вядучых майстроў і мастакоў Ваўкавыскага раёна. Сярод творцаў Ірына Пекар (вышыўка стужкамі), Аксана Талькоўская (вышыўка крыжыкам), Марына Дубовік (выцінанка, мастацкая апрацоўка скуры), Марына Гайдэль, Святлана Дудзінская (дробная пластыка), Ала Сурмінава, Аксана Врублеўская, Святлана Прахіна (саломапляценне), Аляксей Рамаусаў (ганчарства), Анатоль Сямёнаў (жывапіс) і іншыя.

Ірына СІДАРОК, газета «Звязда»