Як у Мастах Правых гулялі на Святога Яна

Вясёлыя песні, шчырыя зычэнні, шматлікія дзіцячыя забавы, майстар-клас па пляценню вянкоў ад педагогаў эколага-біялагічнага цэнтра і паказальныя выступленні выратавальнікаў-пажарных РАНС – так у аграгарадку Масты Правыя ўжо ў трэці раз ладзілі брэндавае свята “Гулянне на Святога Яна”.

Разам з вядучымі Аляксандрай Хшаноўскай і Віялетай Шаблінскай удзельнікі мерапрыемства здзейснілі невялікі экскурс у мінулае аграгарадка. Сваю слаўную гісторыю Масты Правыя пачынаюць з 1486 года – адпаведны запіс маецца ў кнізе Літоўскай метрыкі. Дзевяць вуліц, прыстань на беразе суднаходнага па тым часе Нёмана, піларама, вадзяны млын, ды базар, дзе гандлявалі рыбай, хлебам, скурай, лёнам, тытунём, сенам, – гэта мінулы дзень мястэчка.

– Сёння Масты Правыя – адзін з буйнейшых аграгарадкоў Мастоўскага раёна. Тут пражывае больш за тысячу чалавек, паспяхова працуюць установы сацыяльнай сферы, свой уклад у развіццё раёна ўносяць вытворчы кааператыў “Райсельгасэнерга” і ААТ “Мастаўчанка”, – адзначыла старшыня Мастоўскага сельскага Савета Людміла Рагацэвіч, віншуючы вяскоўцаў са святам.

Дарэчы, “Гулянне на Святога Яна” тут святкуецца невыпадкова. Менавіта на месцы цяперашніх народных гулянняў у 1539 годзе быў узведзены касцёл. Зямельны надзел на яго будаўніцтва выдзеліла каралева Бона Сфорца, жонка вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта I. Аднак лёс яго склаўся трагічна: храм быў спалены. І толькі праз шмат гадоў у аграгарадку зной быў пабудаваны касцёл у імя Святога Іанна Хрысціцеля.

Ганарацца жыхары Правых Мастоў сваімі землякамі, якія добрымі справамі і добрасумленнай працай праслаўляюць сваю малую радзіму далёка за яе межамі. Гэта байдарачнік Алег Юрэня, які гэтымі днямі рыхтуецца да стартаў на II Еўрапейскіх гульнях, што ладзяцца ў Мінску, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Станіслаў Балтрукевіч, палкоўнік міліцыі, былы рэктар Акадэміі МУС Беларусі Іван Сяргей, кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па гораду Мінску і Мінскай вобласці Віктар Сяліцкі, старшыня Гродзенскага футбольнага клуба “Нёман” Іван Варсовіч, мастак-афарміцель Мастоўскай раённай бібліятэкі, паэтэса Галіна Васілеўская і інш.

Не была забыта на свяце і тэма 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як заўсёды шчыра і пранікнёна гучаў наказ берагчы мір і больш ніколі не дапусціць вайны з вуснаў вязня Міхаіла Міхайлавіча Кучэўскага, якому ў маленстве давялося перажыць жахі фашысцкіх засценкаў і гібель родных.

Добрай традыцыяй стаў удзел у святочных мерапрыемствах супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія сваё сёлетняе паказальнае выступленне прымеркавалі да рэспубліканскай акцыі “Кірмаш бяспекі”. Начальнік РАНС Генадзь Адамовіч нагадаў вяскоўцам правілы бяспекі, у тым ліку, падчас купання ў рацэ, а таксама заклікаў не пакідаць дзяцей без нагляду. І дарослым, і малым было цікава прымераць “баёўку”, адчуць сябе сапраўдным пажарным падчас карыстання брансбойтам. Яркія эмоцыі выклікаў пажарны фантан, што “вырас” пасярод аграгарадка.

Трэба адзначыць, што пазітыву і прыемных уражанняў на свяце было дастаткова. Гэтаму садзейнічалі як творчыя работнікі і артысты Правамастоўскага цэнтра вольнага часу і культуры, так і госці са Шчучына, Дубненскага і Мікелеўшчынскага цэнтраў вольнага часу і культуры, якія  ўпрыгожылі сваімі мастацкімі нумарамі канцэртную праграму народнага гуляння. Вясёлых забаў хапіла і дзетвары, якую радавалі атракцыёнамі і салодкімі прысмакамі індывідуальныя прадпрымальнікі з Мастоў, Мінска, Гомеля і Івацэвіч.

Па матэрыялах газеты “Зара над Нёманам”: Н. ШЭЎЧЫК (фота аўтара)

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)