Ёсць вуліцы цэнтральныя…

Юрыю Антонаву — 75. Спявак, музыкант, кампазітар, паэт, акцёр… Літаральна кожная яго песня — шлягер, светлы гімн жыццю і каханню. Маё пакаленне вырасла пад кампазіцыі Юрыя Міхайлавіча. Не магу не захапляцца і тым, што Антонаў трымае асабісты прытулак для катоў і сабак. І гэта таксама — ад неўтаймоўнай любові да жыцця. Прыемна, што музычную адыкацыю папулярны выканаўца набываў у Маладзечна. Тамтэйшыя жыхары распавядалі, што ён яшчэ доўга прыязджаў у горад маладосці да сяброў і нават спяваў на іх вяселлях.

Усё гэта згадалася пасля таго, як у рэдакцыю прыйшоў ліст ад загадчыка аддзела маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава Таццяны Маляўка. Яна піша пра конкурс “Ёсць вуліцы цэнтральныя…” Натуральна, вы згадалі хіт Антонава, адкуль узяты гэты радок. Дык вось, конкурс — краязнаўчы, распавядае ён пра гісторыю вуліц у паселішчах, што месцяцца ў Ганцавіцкім раёне. Цікавымі падаліся развагі аўтаркі аб творчай дзейнасці ўвогуле. Да прыкладу, вось што яна распавядае пра сутнасць праектнай жыццяздольнасці: “Наш аддзел пастаянна распрацоўвае самыя розныя бібліятэчныя праекты. У іх, як і ў жывых арганізмаў, ёсць жыццёвыя цыклы. Пасля павольнага пачатку працэс памнажае хаду, дасягае піку, потым запавольваецца і адыходзіць у нябыт. Але з аднаго праекта прарастае другі — і працэс паўтараецца”. Вельмі цікавая заўвага. Але вернемся да конкурсу “Ёсць вуліцы цэнтральныя…”, галоўная мэта якога — папулярызацыя культурнай спадчыны і традыцый роднага краю. Бібліятэкары выканалі вялізны аб’ём работы. Балазе, засталіся сведкі тых часін, калі з хутароў звозіліся хаты, з якіх утвараліся новыя вуліцы, калі старадаўнія назвы вясковых “праспектаў” замяняліся на імёны савецка-партыйных кіраўнікоў. Таццяна Маляўка называе лепшыя конкурсныя работы. На першым месцы — Агарэвіцкая сельская бібліятэка (загадчык Валянціна Мініч, бібліятэкар Галіна Дубоўская). Адна з вуліц Агарэвічаў носіць імя воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Крысюка, які загінуў на афганскай вайне. А вуліцу Савецкую так назвалі, бо побач месціўся сельскі савет. Ганцавіцкая дзіцячая бібліятэка прасачыла гісторыю райцэнтраўскай вуліцы Паштовай, якая стала пасля вуліцай Ламаносава. Кукаўская СБ распавяла гісторыю вуліцы Пасёлак, якая стала насіць імя Юрыя Гагарына.

Паспрабуем павесці сёння гаворку аб праектах, цікавых, нестандартных і яркіх. Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч піша аб доўгатэрміновай акцыі “Цікавае падарожжа Надзейкі”. “К” неаднаразова звярталася да гэтай полацкай кулінарнай прыдумкі. Надзейка (рэальны работнік культуры) вандравала па раёне і збірала адмысловыя кулінарныя рэцэпты, якія потым выдаваліся зборнікамі. Аднак з нядаўняга часу праект стаў не толькі кулінарным. Пад рубрыкай “Полацкая спадчына” Надзейка (цытую) “у сацыяльных сетках і з дапамогай відэасправаздач дасціпна распавядае пра тое, чым духоўна багата полацкая зямля”. Цыкл вандровак невыпадкова быў распачаты з вёскі Багатырская. Менавіта тут амаль паўстагоддзя народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесеную летась у спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, Надзейка прысутнічала на прэзентацыі этнаграфічных рэчаў з асабістай калекцыі Веры Пісюковай — заснавальніцы “Галасоў спадчыны”. У маштабах краіны дадзены праект лічу адным з пераканаўчых і яркіх. Усім бы на такі ўзровень узняцца.

Асобны раздзел займаюць нашы фальклорныя праекты. Паглядзець на іх рэалізацыю прыязджаюць з вельмі далёкага замежжа. Прыкладаў таму шмат. Вось некалькі з іх. Апошні вечар перад Вялікім пастом у Кальчунах, што на Ашмяншчыне, праходзіць па традыцыях і звычаях продкаў. З гэтай нагоды мясцовыя работнікі культуры рыхтуюць абрадавую дзею “Загаўліны” (ад слова “загаўляцца”). Узнавілі абрад чатыры гады таму. Пашчыравала тут са сваімі калегамі загадчык клуба Сняжана Кагадоўская.

Нельга не згадаць і Масленічны тыдзень. Пра блінцы на любы густ і спаленне пудзіла распавялі дырэктар Ашмянскага раённага цэнтра культуры Вольга Кузьміцкая, рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч, клубныя работнікі з Дзятлава і Дзятлаўскага раёна,

Яшчэ некалькі абрадавых навін. У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна правялі веснавы абрад “Чырачка” (у 2016 годзе яму нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь). Удзельнікі збіраліся ля мясцовага ДК, з песнямі ішлі за вёску, выбіралі самы высокі прыгорак і “гукалі вясну-красну”.

У Карэліцкім раёне ў трэці раз адсвяткавалі “Улассе ў Луках”. Пісаў калісьці пра гэта. Лукі — гэта аграгарадок. А Святы Улас — ахоўнік хатняй жывёлы. Таму коні прыбраныя ў гэты дзень кветкамі — справа для Лукаў звычайная. А дакладней — святочная.

І зноў Полацкі раён. Трэці год запар Полатаўскі сельскі дом культуры ладзіць на Масленічным тыдні дзею “Цешчыны зборы”. Так бы мовіць, абрад сённяшняга дня, падчас якога ідзе барацьба за званне “Народная цешча”. Сёлета ў спаборніцтва ўключыліся дванаццаць прэтэндэнтак з розных вёсак раёна. Усе яны, як сцвярджаюць метадысты, заслугоўваюць павагі, бо годна спраўляліся з усімі заданнямі, падрыхтаванымі ўдзельнікамі народнага тэатра гульні “Грыбны сезон” Полацкага раённага цэнтра культуры. Цешчы спявалі прыпеўкі, жвава танцавалі, актыўна хвалілі зяця, частавалі усіх блінамі. Перамогу атрымала 82-гадовая Аліна Аксёнава з вёскі Аўдзеева. А музычны ды песенны акампанемент стварыў святу народны ансамбль народнай песні і музыкі “Полацкія россыпы” пад кіраўніцтвам Ноны Котавай (Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур). Такім чынам Полаччына — рай для цешч.

Наша традыцыйная народная творчасць — таксама яркая і непаўторная. Прынамсі, замежныя госці — у захапленні ад таленту беларускіх рамеснікаў. Загадчык аддзела мастацкай творчасці Бабруйскага палаца мастацтваў Наталля Кулікова распавядае: “На выставе-кірмашы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і рамеснікаў экспануюцца кошыкі з лазы Віктара Гербача, кухонны рыштунак з дрэва Мікалая Анісенкі, васковыя свечы Святланы Горын, цацкі Алесі Нікітка. А гандлёвае месца аформіла Алеся Сівец. Дзмітрый Юдзін каваў памятныя манеты. У выставе таксама бралі ўдзел кіраўнікі гурткоў “Мяккая цацка” — Вольга Шавелі і саломапляцення  — Наталля Шведаўская. Абедзьве — з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Напярэдадні Дня жанчын у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася персанальная выстава “Саламяны цуд” народнага майстра Рэспублікі Беларусь Тэрэсы Худзяковай з Чашнікаў. Вось што піша на гэты конт загадчык аддзела абласнога метадцэнтра Ала Лялькіна: “Тэрэса Альфонсаўна робіць з саломы іконы, галаўныя ўборы, жаночыя ўпрыгожванні, кветкі, абярэгі, вазы, конікаў і павукоў. Худзякова — майстра-метадыст Чашніцкага дома рамёстваў, сябра народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Майстар”, кіраўнік гуртка “Саломапляценне”, дзе займаецца дзесяць вучняў. І займаецца яна не толькі саломай. Падуладныя ёй такія віды творчасці як кераміка, вышыўка, ткацтва, вязанне. Тэрэса Худзякова — пастаянная ўдзельніца і пераможца абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, пленэраў, выстаў і фестываляў”.

А з Бабруйскага палаца мастацтваў паведамляюць, што работы мясцовых майстроў дэманструюцца ў Светлагорскім раённым доме рамёстваў. Таццяна Філонава вышывае атласнымі стужкамі, Віктар Мароз стварае мазаікі са скуры.

Вядучы метадыст Гродзенскага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч паведамляе: “У Індурскім цэнтры культуры прайшоў семінар-паказ “Школа батлейкі” з майстар-класамі па тэатральным мастацтве. У планах мясцовых работнікаў культуры — арганізацыя батлеечнага тэатра пры музеі лялькі. Такім чынам адкрыюцца новыя магчымасці для развіцця агра-экатурызму”.

Навіны адным радком. Агляд творчых калектываў прайшоў у Дзятлаўскім ЦК; сельская бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка (Ашмяншчына) арганізавала дыялог з чытачамі “Наркотыкі: паміж жыццём і смерцю”, а Ашмянская ДШМ ладзіла VII рэгіянальны адкрыты фестываль-конкурс “Вясна, якая спявае”; перад жыхарамі вёскі Гродзі Астравецкага раёна выступілі артысты гурта “Польскае рэха Астраўца”,

Напярэдадні Дня жанчын “К” шчыра віншуе ўсіх жанчын, што шчыруюць на ніве беларускай культуры. Здароўя і шчасця вам!

Аўтар: Яўген РАГІН

рэдактар аддзела газеты “Культура