Загаўліны па-кракоўску адзначылі на Ашмяншчыне

Закончыліся восеньскія работы, завяршыліся дажынкі, адшумелі вяселлі – можна і адпачыць трошкі. У адпаведны час земляробчага календара пачынаецца апошні ў годзе пост – Калядны, або Філіпаў (у праваслаўных) ці Адвэнт (у католікаў), які працягваецца аж да самага Раства Хрыстова. У народзе гаварылі: “Піліпаў пост – да Святак мост”. У гэтую пару сілкаванне складалася галоўным чынам з гародніны і хлеба з алеем.

З Дня ўшанавання апостала Філіпа пачыналіся вячоркі: жанчыны доўгімі  восеньскімі і зімовымі вечарамі збіраліся папрацаваць, пагутарыць і паспяваць, а  дзяўчаты рыхтавалі сабе пасаг: ткалі, шылі, вышывалі і, вядома, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях, карагодах ды спевах. Самай  важнай  справай для мужчын  было абмалаціць збожжа да пачатку Каляд: “Калі да Каляд не вымалаціць гаспадар збожжа, ён – не гаспадар. Ужо яму па Калядах мышы хвастамі збожжа малоцяць”.

Супрацоўнікі аддзела культуры аг. Кракоўка ўжо не першы год займаюцца аднаўленнем традыцый продкаў. Вось і сёлета 25 лістапада, а другой палове дня, вяскоўцы спяшаліся ў мясцовы клуб на сустрэчу з артыстамі з вёскі Будзёнаўка, каб разам прыняць удзел у тэатралізаваным абрадавым дзеянні з народнымі песнямі, забавамі, танцамі  і гумарам,  паспрабаваць  пачастункі ад гаспадароў,  удоваль падсілкавацца, прадставіць свае асабістыя рэцэпты прыгатавання  поснай ежы і весела, па-кракоўску, “зацягнуць паясы тужэй” і ўвайсці ў пост.

Добры настрой на працягу вячорак стваралі ўдзельнікі творчых аб’яднанняў сельскага клуба в. Будзёнаўка, вакальны ансамбль “Сустрэча”  пад кіраўніцтвам А.А. Калыбінай, дзіцячы танцавальны гурт “AZART” аддзела культуры і вольнага часу аг. Кракоўка (кіраўнік – Н.А. Розель), а таксама  суседкі-сяброўкі – Таццяна Чэрская, Святлана Ганусевіч, Роза Яцуковіч і Ганна Турноўская.