Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны эстрадны аркестр “Капрыз”

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь эстрадны аркестр “Капрыз” установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”

Год стварэння: 1996

Мастацкі кіраўнік: Раіса Леанідаўна ЛЕВІНА

Эстрадны аркестр “Капрыз” адрозніваецца непаўторным іміджам і асаблівым выканальніцкім стылем. У інструментальнай групе калектыву прымаюць удзел выключна жанчыны. “Капрыз” уяўляе сабой біг-бэнд, які складаецца з 27 чалавек. Канцэртны рэпертуар аркестра ўключае ў сябе беларускую песенную класіку, папулярную эстрадную музыку і класічныя творы джаза.

Аранжыроўкі для калектыву стварае беларускі музыкант Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі У.М. Ткачэнка. Плённае супрацоўніцтва звязвае Уладзіміра Ткачэнку з эстрадным аркестрам “Капрыз” і як выканаўцу-віртуоза. У выніку гэтага творчага ўзаемадзеяння з’яўляюцца арыгінальныя канцэртныя нумары.

З эстрадным аркестрам “Капрыз” супрацоўнічаюць і іншыя знакамітыя беларускія музыканты: Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь трубач Валерый Шчарыца, Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка, уладальнік Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Славянскі базар у Віцебску» Пётр Ялфімаў, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь Руслан Мусвідас, вядомая беларуская джазавая спявачка Людміла Куц, джазавы піяніст Аляксандр Данцоў.

Званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” калектыву было прысвоена ў 2009 годзе. За гады творчай дзейнасці “Капрыз” запісаў 8 кампакт-дыскаў і зняў 3 відэакліпы. У рэпертуары аркестра звыш 90 кампазіцый. Эстрадны аркестр “Капрыз” – пераможца VII Міжнароднага фестывалю джаза, Рэспубліканскага конкурсу мастацкай творчасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў “Арт-вакацыі”. Калектыў часта выступае на канцэртных пляцоўках горада і вобласці, уносіць значны ўклад у развіццё музычнай культуры ўсёй Беларусі.