Звыш 230 работ, калейдаскоп телентаў і ўнікальныя майстар-класы. У Гродне адкрылі выстаўку да Года народнага адзінства

“Крыніца народных талентаў” – пад такой назвай 4 лютага ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася справаздачная выстаўка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці і мастакоў Гродзенскага раёна, прымеркаваная да Года народнага адзінства.

Урачыстае адкрыццё пачалося з прывітальных слоў Мурэні Алены Уладзіміраўны – дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Кузьма Таццяна Мікалаеўна выступіла са словамі ўдзячнасці і павагі да сваіх таленавітых землякоў, падзякавала ўсім прысутным, а лепшым майстрам уручыла граматы. Цікавую і змястоўную экскурсію для гасцей правяла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра – Наталля Іосіфаўна Рамановіч.

Звыш 230 выставачных работ, выкананых у розных мастацка-рамесніцкіх тэхніках, у большасці выпадкаў спалучаюць у сабе  элементы традыцыйнасці і фантазіі майстроў. Гэта дрэваапрацоўка, кераміка, выцінанка, саломапляценне, ткацтва паясоў, вышыўка, мастацкі роспіс, выраб тэкстыльнай і аўтарскай лялькі. Творчасць таленавітага мастака Уладзіміра Пакумейкі з аграгарадка Парэчча прадстаўлена ў персанальнай выстаўцы жывапісу “Усё гэта – мой край”, якая экспануецца ў фае Гродзенскага АМЦНТ.

Цэнтральнае месца на выстаўцы адведзена творчасці выдатнага чалавека, музыкі, народнага майстра па вырабе драўляных музычных інструментаў, уладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе Мар’яна Антонавіча Скрамблевіча.

Наведвальнікі выстаўкі, сярод якіх былі навучэнцы Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Гродна і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пазнаёміліся з элементамі гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, якія бытуюць у Гродзенскім раёне. Так, майстар Ларыса Касіцкая прадэманстравала майстар-клас па роспісе знакамітай “сапоцкінскай пісанкі”, што да свята вырабляюць у г.п. Сапоцкін. Віртуозна прадставіла сваё майстэрства саломапляцельшчыца з вёскі Новая Гожа Ірына Шавельская. Кожны, хто завітаў на выстаўку, з дапамогай вопытнага майстра Вольгі Авакумавай з Каробчыц змог адчуць сябе “трохі ткачом”, сеўшы за невялікі станок па вырабе народных паясоў.