Свята “Повязь часоў” адбылося ў аг. Дайліды Іўеўскага раёна

Усё мае свой працяг жыцця, нітка – у туга навітым клубку, песня – у водгаласе рэха, сонца – ва ўсмешцы дзіцяці. Свой працяг жыцця мае і народнае мастацтва, а менавіта: ткатцва, лазапляценне, вышыўка, саломапляценне.

 28 красавіка творчым калектывам сектара культурна-масавай і асветнай работы аг. Дайліды Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу арганізавана і праведзена свята рамёстваў “Повязь часоў”.

Свята “Повязь часоў” стала традыцыйным для аграгарадка Дайліды – мясцовасці, дзе жывуць і працуюць сапраўдныя майстры, улюблёныя ў сваю маленькую радзіму, сваю спадчыну.

Члены Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Смірнова Ірына Рэгінальдаўна і Старасціна Юзэфа Эдуардаўна з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры правялі майстар-класы па саломапляценні і ткацтве. У наведвальнікаў мерапрыемства была магчымасць пазнаёміцца бліжэй з традыцыйнымі на Іўеўшчыне відамі рамёстваў: вышыўкай, апрацоўкай дрэва і лазапляценнем.

Цудоўны, святочны настрой стваралі канцэртныя выступленні народнага ансамбля народнай музыкі “Чабарок” з Іўя, народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” аг.Лаздуны1, ансамбля народнай музыкі “Вечарынка” аг.Геранёны і калектыва аматарскай творчасці з Воранаўскага раёна.

Гасцінная гаспадыня клубнай установы Рынгель Таццяна Віктараўна пазнаёміла прысутных на свяце з музейнай экспазіцыяй па саломапляценні “Саламяная казка” і выстаўкай прадметаў народнага побыту. На працягу свята працавала бяспройгрышная латарэя і выстаўкі народнай творчасці.

Жыхары розных узростаў з аграгарадка Дайліды з вялікім задавальненнем правялі на свяце свой вольны час. У сонечны вясновы дзень добра было і паспяваць, і танцы даўнейшыя станцаваць, і ў гульнях народных паўдзельнічаць, і на вырабы народных майстроў падзівіцца. Свята пакінула ў душы кожнага гонар за сваю маленькую радзіму, за творчых і таленавітых людзей Іўеўшчыны.