Узорны тэатр гульні роставых лялек «Лялькі для ўсіх»

Вы калі-небудзь са сваімі дзецьмі ці ўнукамі падарожнічалі з Машай і Мядзведзем з аднайменнага мультфільма ў краіну мыльных пузыроў? Калі не, то прыязджайце ў Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе працуе ўнікальны і адзіны ў Гродзенскай вобласці ўзорны тэатр гульні роставых лялек «Лялькі для ўсіх». Запрашаем на спектаклі і анімацыйныя праграмы для дзяцей і дарослых. З таленавітымі артыстамі, што любяць сваіх гледачоў. З лялькамі розных тыпаў і памераў. Паводле мультфільмаў і сучаснай літаратуры. У глядзельнай зале і на вольным паветры. Вясёлыя і сумныя, займальныя і пазнавальныя. На адных трэба сцішыцца і засяродзіцца, на іншых — актыўна дапамагаць героям. Але ўсе гісторыі тэатра добрыя і прыгожыя. А яшчэ “Лялькі для ўсіх” — гэта тэатр, дзе часта адбываюцца ўнікальныя тэматычныя мерапрыемствы, ладзяцца шматлікія святочныя канцэрты, ранішнікі і вечарыны. Гэта калектыў, які з задавальненнем удзельнічае ў тэатральных фестывалях, кожнае лета збірае на сваіх пляцоўках шмат гледачоў, а ў гэтым годзе святкуе свой 10 — юбілей. Жадаем новых творчых праектаў і перамог! «Лялькі для ўсіх» ужо едуць да вас!