Яркае, звонкае свята “Ліпнішкаўскія сенакосы” сабрала 15 чэрвеня ў аграгарадку Ліпнішкі ўсіх жадаючых паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ручнога сенакашэння, цікава і весела правесці свой выхадны дзень. Мерапрыемства было прысвечана 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Выказала надзею на працяг жыцця добрых народных традыцый па сенакашэнню, пажадала добра адпачыць дарослым і дзецям старшыня Ліпнішкаўскага сельвыканкама Бузар Яніна Уладзіміраўна.
Галоўную цікаўнасць на свяце, безумоўна, выклікаў адкрыты рэгіянальны конкурс па ручному сенакашэнню. На пачатку конкурсу арганізатары свята благаславілі касцоў на працу спорную і адарылі абярэгамі.
У конкурсе прынялі ўдзел 11 касцоў з 9 сельсаветаў Іўеўскага раёна. Між іншым, касілі не толькі мужчыны, але і самыя смелыя, рызыкоўныя кабеты. Па рашэнню кампетэнтнага журы ўсе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджаныя Дыпломамі і прызамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама і спецыяльнымі прызамі Іўеўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Дыпломам і прызам Іўеўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” узнагароджаны Буляк Аляксандр Уладзіміравіч (Бакштаўскі с/с).
Ганаровы тытул “Касец-2019” атрымаў Бутрым Іван Яўгеньевіч (Лелюкінскі с/с).
Творчы калектыў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Ліпнішкі частаваў касцоў і гасцей свята сенакоснымі стравамі.
Свята касцоў у Ліпнішках прайшло весела і цікава. Добры, святочны настрой стваралі канцэртныя выступленні народнага вакальнага ансамбля “Вакаліз” дзяржаўнай установы адукацыі “Іўеўская дзіцячая школа мастацтваў”, творчых калектываў з Карэліцкага і Воранаўскага раёнаў.
Людзі не шкадавалі апладысментаў, падпявалі і танчылі пад рытмічную музыку і вясёлые песні. А дзеці маглі пацешыцца катаючыся на арэлях і каруселях, паспрабаваць салодкія прысмакі або размаляваць твар на пляцоўцы Face-art.