Дзятлаўчане прыйшлі сказаць: “Мы помнім!”

22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, Дзятлаўшчына далучылася да абласной патрыятычнай акцыі “Мы помнім!”.

Каб ушанаваць памяць загінулых у гады ваеннага ліхалецця, летнім ранкам у гарадскім парку каля мемерыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, сабраліся работнікі сферы культуры, прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённага камітэта ГА “БРСМ”, раённага савета ветэранаў, працоўных калектываў.

– У чатыры гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года, без аб’яўлення вайны, фашысцкая Германія напала на нашу Радзіму, пачалася Вялікая Айчынная вайна, – зазначыла вядучая мерапрыемства Наталля Маліноўская. – Роўна 79 гадоў мінула з таго часу, але не сціхае ў нашых сэрцах боль, не гасне памяць народа. Сёння мы зноў прыйшлі сюды, каб сказаць: “Мы помнім!”.

Дзень памяці і смутку – не проста дата, гэты дзень, як рубеж пачатку адліку той страшнай Вялікай Айчыннай вайны. Няхай кожны з нас адчуе адказнасць перад памяццю цэлага пакалення, схіліць голаву перад подзвігамі дзядоў і прадзедаў.

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў вайны і загінулых землякоў.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі на магілы воінаў-вызваліцеляў.

Ірына СТЫРНІК

Источник: «Перамога»