Абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокi ва ўсе бокi” прайшоў у Смаргонi

Добрай традыцыяй на Гродзеншчыне  стала правядзенне абласнога конкурсу танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі”. Чарговы конкурс адбыўся 21 красавіка 2018 года ў Смаргонскім раённым цэнтры культуры, дзе сабраўся 41 калектыў.

Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны лепшыя дзіцячыя і дарослыя аматарскія калектывы розных відаў танцавальнага жанру.

На суд журы, якое ўзначальвала Валянціна Старавойтава – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік харэаграфіі вышэйшай катэгорыі ДУА “Гімназія № 5 г. Гродна”, былі прадстаўлены яскравыя беларускія, народныя, эстрадныя і сучасныя танцы ў выкананні вядучых танцавальных калектываў з найменнем “узорны”, а таксама тых, для каго конкурс стаў магчымасцю набыцця творчага і сцэнічнага вопыту.

“Феерыя чырвонага”, “Гусачок”, “Лядкаўская кадрыля”, “Лідская кадрыля”, “Лялечка”, “Беларуская мазурка”, “Смаргонскія абаранкі”, “Вусаты аркестр” – гэта толькі малая частка рознакаляровых танцаў, якія здзіўлялі і радавалі гледачоў на працягу некалькіх гадзін.

Дыпломы I ступені сярод калектываў, якія не маюць наймення “народны” (“узорны” ) атрымалі (у дзіцячай і дарослай узроставай катэгорыі):

  • у намінацыі “беларускі, народны танец” – дзіцячы танцавальны калектыў “Гарадзенскія каруначкі” УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” (мастацкі кіраўнік – Надзея Сёмкіна, балетмайстар – Вольга Плотнікава) і ансамбль танца “Чаравічкі” ДУ “Палац культуры горада Ліды” (мастацкі кіраўнік – Таццяна Благадацкіх);
  • у намінацыі “сучасны, эстрадны танец” – дзіцячы харэаграфічны гурт ДУА “Верцялішкаўская дзіцячая школа мастацтваў” Гродзенскага раёна (мастацкі кіраўнік – Ксенія Клімянкова);

Сярод калектываў з найменнем “народны” (“узорны”) дыпломамі I ступені ўзнагароджаны:

  • у намінацыі “беларускі, народны танец” – узорны ансамбль танца “Вярбіначка” ДУА “Гімназія №5 г.Гродна” (мастацкі кіраўнік – Таццяна Новікава) і танцавальная група народнага ансамбля песні і танца імя М.К. Агінскага ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры” (балетмайстар – Павел Рацько);
  • у намінацыі “сучасны, эстрадны танец” – узорны тэатр эстрадна-спартыўнага танца “Каскад” ДУК “Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку” (мастацкі кіраўнік – Зоя Пятроўская) і ўзорны ансамбль танца “Забавушка” ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў” (мастацкі кіраўнік – Вольга Лукашэвіч)

Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны некалькі цікавых выканаўцаў і калектываў. Сярод іх – фальклорны танцавальны калектыў “Спадчына” Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці за пераемнасць народных традыцый і ўвасабленне нацыянальнага каларыту.

Конкурс завершаны. Віншуем пераможцаў!