Адкуль нашы карані?.. У Гродне адкрылася выстаўка талентаў Ваўкавышчыны

У выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці 21 кастрычніка адкрылася выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці Ваўкавыскага раёна “Карані творчасці”. Звыш 140 работ ткацтва, вышыўкі, керамікі, выцінанкі, саломапляцення, мастацкага роспісу, лясной скульптуры, жывапісу 15-ці сучасных майстроў народнай творчасці расквецілі выставачную экспазіцыю. Але асаблівая даніна павагі аддадзена тканым вырабам народнага майстра Балёнь Любові Сцяпанаўны з вёскі Студзянец Ваўкавыскага раёна. Дзякуючы ёй і яе пераемніцы Яніне Іюльскай на Ваўкавышчыне збераглі і практыкуюць да гэтага часу простае двухнітовае ткацтва і навучаюць гэтаму рамяству дзяцей і ўсіх жадаючых у філіяле “Роскі цэнтр рамёстваў” дзяржаўнай установы “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”. Таму экспазіцыя выстаўкі і распачынаецца з 12-метровага стракатага ходніка, вытканага ў дзіцячым гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Куфэрак” Роскага цэнтра рамёстваў старадаўняй технікай ткацтва.

На адкрыцці выстаўкі Святлана Кудаш, загадчык філіяла “Роскі цэнтр рамёстваў” дзяржаўнай установы “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў” распавяла пра творчасць выбітных майстроў Ваўкавышчыны: вышывальшчыц Ірыны Пекар, Аксаны Талькоўскай, Надзеі Развадоўскай, керамістаў Аляксея Рамаусава і Марыны Гайдзель, майстра мастацкага роспісу Жанны Сямак, майстра выцінанкі Марыны Дубовік, майстроў саломапляцення Аксаны Урублеўскай і Святланы Прахінай.

З выступлення знакамітага майстра саломапляцення, кіраўніка ўзорнага тэатра моды “Спадчына” ДУА “Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Алы Сурмінавай, мастака Анатолія Сямёнава і майстра лясной скульптуры Анатолія Зубанава стала зразумелым, адкуль майстры Ваўкавышчыны чэрпаюць натхненне для новых здзяйсненняў і што з’яўляецца сапраўдным прадметам іх творчасці.

Запрашаем на выстаўку!