Ашмянскі раён адзначыў 80-гадовы юбілей

Сёлета наш раён адзначае 80-гадовы юбілей. І няхай сабе ў сусветным маштабе — гэта ўсяго імгненне, для людзей, якія стаялі ля вытокаў яго ўтварэння, якія нястомна працавалі і дбалі пра агульны дабрабыт, — гэта значны прамежак часу.
Азірнуцца назад, успомніць найважнейшыя гістарычныя вехі Ашмянскага раёна, выказаць словы ўдзячнасці тым, хто садзейнічае развіццю роднага краю, у святочнай зале райвыканкама сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Пачэснае месца сярод гасцей занялі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Аляксандр Маркевіч, а таксама алімпійскі чэмпіён па гандболе Андрэй Барбашынскі, пераможца конкурсу «Настаўнік года-1997» Валянціна Гінчук і іншыя ганаровыя грамадзяне горада Ашмяны, людзі, занесеныя ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці, былыя кіраўнікі і ветэраны працы.

Своеасаблівы экскурс у мінулае раёна пачаўся ўжо ў фае райвыканкама — удзельнікаў мерапрыемства сустракалі выставы-прэзентацыі, падрыхтаваныя ўстановамі і арганізацыямі раёна. Падарожжа па закутках памяці дапоўніла відэахроніка з архіва «Ашмянскага весніка», а знаёмства з экспазіцыямі ўпрыгожылі чароўныя мелодыі ў выкананні ўзорнага інструментальнага ансамбля «Мелодыка» Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў.
Адкрываючы ўрачыстасць, старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын падкрэсліў, што Ашмянскі край багаты на разнастайныя падзеі і традыцыі, на поспехі і дасягненні, што менавіта ён стаў агульным домам, які аб’ядноўвае тысячы ашмянцаў розных узростаў і прафесій, і менавіта нам, яго жыхарам, вызначаць будучыню роднага краю.

Да віншавання далучыўся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк. Віктар Францавіч адзначыў, што сённяшняе свята — нагода не толькі падвесці вынікі, але і паставіць амбіцыёзныя мэты, а таксама магчымасць выказаць словы ўдзячнасці тым, хто спрыяе сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна.

Шэраг жыхароў Ашмяншчыны з нагоды слаўнага свята былі ўдастоены высокіх узнагарод.

Ганаровымі граматамі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны загадчыца народнага музея Гальшанскай СШ Яніна Корзун, дырэктар Гальшанскага крухмальнага завода Сяргей Чудзілоўскі. Падзякі старшыні Гродзенскага аблвыканкама атрымалі аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы селекцыйна-племянного цэнтра жывёлагадоўлі Генуэфа Завадская, сырасол сыраробнага завода Данута Ждановіч. Ганаровая грамата абласнога Савета дэпутатаў была ўручана дырэктару аўтамабільнага парку №13 г. Ашмяны Віктару Скаскевічу, Грамата абласнога Савета дэпутатаў — кіраўніку эксперыментальнай базы «Баруны» Эдварду Люткоўскаму. Падзячныя пісьмы старшыні абласнога Савета дэпутатаў атрымалі дырэктар аграрна-эканамічнага каледжа Віктар Вайшнаровіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч. Усяго ўзнагароды рознага ўзроўню атрымалі каля 20 чалавек.
Сярод уганараваных — і калектывы ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», «Будаўнік», раённай ветэрынарнай станцыі, СШ №1 імя М.Гружэўскага, народнага ансамбля песні і танца «Крыніцы».

Шчырыя словы віншаванняў прымалі ў гэты дзень ашмянцы ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Аляксандра Маркевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Квяткевіча, Ганаровага грамадзяніна горада Ашмяны, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання Валянціны Лузінай.

Па-сапраўднаму шчырым момантам свята стала ўручэнне матулям, якія нарадзілі і выхавалі пецярых і больш дзяцей, ордэна Маці. Такога гонару былі ўдастоены Ірына Бутрымовіч, Тарэса Даўлевіч, Марына Крышталь, Жанна Мальдзіс.

…Колькі змястоўных старонак гісторыі прагарнулі разам з вядучымі госці, колькі гучных імёнаў землякоў нагадалі ў гэты дзень са сцэны! Здаецца, каб удалося сабраць іх разам — у адным месцы і часе, — атрымалася б сапраўднае суквецце талентаў: вучоных і спартсменаў, медыкаў і гісторыкаў, палітыкаў і ваенных, артыстаў і мастакоў. Дарэчы, пра артыстаў. Свае творчыя падарункі ўдзельнікам і гасцям свята падрыхтавалі выканаўцы і творчыя калектывы раёна, а таксама таленавітыя землякі, якія зараз працуюць у іншых рэгіёнах краіны.

У добры шлях, Ашмяншчына! Няхай наперадзе будзе яшчэ шмат юбілеяў, і няхай будуць людзі, якімі ты зможаш ганарыцца!

Людміла РЫБІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Больше фото по ссылке