Дываны-“выбіранкі” і ручнікі колераў вясёлкі. Як народны майстар Беларусі Станіслава Міхно захоўвае ўнікальную тэхніку ткацтва і перадае яе моладзі

За сваё жыццё 87-гадовая Станіслава Вікенцьеўна выткала больш за сотню дываноў і ручнікоў розных колераў вясёлкі – і ніводнага падобнага.

На адных – геаметрычныя выявы птушак шчасця і жывёл, на іншых – раслінна-кветкавыя кампазіцыі ды васьміканцовыя разеткі-зоркі. Такі арнамент характэрны для мясцовай тэхнікі падвойнага ткацтва. Дарэчы, дываны, дзе вытканыя радкі чарадуюцца з вясёлкавымі колерамі, майстар называе “перабіранкі”, а дываны з кампазіцыямі – “выбіранкі”.

Ткацтву Станіслава навучылася ў дзяцінстве – матуля ды бабуля былі яе настаўніцамі. Нарадзілася ў вёсцы Канюхі, была старэйшай дачкой у сям’і – акрамя яе, было яшчэ чацвёра дзяцей. Бацькі працавалі наймітамі ў заможных гаспадароў. З малых гадоў была галоўнай памочніцай маці. Летам працавала ў полі, а зімой разам з матуляй і бабуляй займалася рамяством, у тым ліку ткацтвам.

– З пятнаццаці гадоў пачала ткаць самастойна, нават хадзіла ткаць па іншых вёсках, зарабляючы грошы, – успамінае Станіслава Вікенцьеўна. – Зімовымі вечарамі збіраліся на вячоркі: спявалі песні, ткалі, пралі, вышывалі. У такой атмасферы атрымліваліся асабліва прыгожыя рэчы.

З 1951 года працавала ў калгасе даяркай, паляводам. У дваццаць дзевяць гадоў засталася ўдавой з двумя дзеткамі на руках. Тады, кажа, навыкі ткацкага рамяства спатрэбіліся як ніколі. У творчасць укладвала ўсе свае пачуцці – менавіта таму дываны атрымліваліся такімі рознымі і прыгожымі.

– Шкада, што ткацкае рамяство амаль што забыта, – дзеліцца народны майстар. – Некалькі пакаленняў гэтым не цікавілася. Я хачу, каб не парвалася нітачка, што звязвае нас з продкамі, таму з такім задавальненнем займаюся ткацтвам і дзялюся сакрэтамі рамяства з іншымі.

Супрацоўнікі Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці вельмі ўдзячныя жанчыне за тое, што яна дзеліцца сваімі набыткамі. З ліпеня 2012 года на базе цэнтра ў пакоі-музеі працуе творчая майстэрня “Школа ткацтва”. Жадаючых атрымаць навыкі ткацтва аказалася нямала.

За гэтыя гады азам старажытнага рамяства навучыліся каля дзясятка землякоў – дарослых і дзяцей. Ды і госці аграгарадка Пагародна не прамінаюць, каб атрымаць майстар-клас ад народнага майстра Беларусі. Дарэчы, гэта ганаровае званне яна атрымала ў 2016-м годзе. За неацэнны ўклад у зберажэнне спадчыны Станіславе Міхно нядаўна прысвоена званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Станіслава Вікенцьеўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэс-публіканскіх фэстах ды семінарах па адраджэнні і зберажэнні мясцовых традыцый і звычаяў, праводзіць майстар-класы. Перададзеныя ёй тэхнікі сталі брэндам пагародзенскага рамяства. За захаванне і перадачу народных традыцый узнагароджана ганаровымі граматамі Воранаўскага райвыканкама.

– Мы разумеем, якую важную справу робіць наша зямлячка, і спрыяем ёй у гэтым, – падкрэслівае дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. – Наша галоўная задача – зберагчы спадчыну майстра ткацтва, перадаць яе нашчадкам. Каб нашы дзеці і ўнукі ведалі старажытныя беларускія рамёствы і былі моцныя сваімі каранямі.

Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”: Ала БІБІКАВА. Фото: sb.by и из архива «ГП»