Дзе яна, “Гасцёўня бульбаша” ?

Раённае свята ў гонар нашага другога хлеба — бульбы — ладзілася сёння ў Гірках. Яно сабрала жыхароў і гасцей аграгарадка на пляцоўцы каля мясцовага цэнтра культуры.

Да свята рыхтаваліся не толькі яго работнікі, але і мясцовыя жыхары, школьнікі. Гаспадыні, якія вырашылі паўдзельнічаць у кулінарным конкурсе, прадэманстравалі, колькі страў могуць прыгатаваць з бульбы. На вуліцах Цэнтральнай, Лясной, Садовай конкурсную камісію чакалі сервіраванныя сталы, ўстаўленыя  духмянымі бульбянымі блюдамі. Былі тут і дранікі, і клёцкі, і бліны, і бабка, і вожыкі, і нават ружы!

На галоўнай пляцоўцы свята выбіралі найлепшую Бульбачыху гэтага года, якая ўмее і смачна прыгатаваць, і складна праспяваць, і прыгожа сказаць. Тытул заваявала Ганна Нядзелька з Больцішак.
Удзельнікі свята атрымалі падарункі за ўдзел у віктарыне, вучні Клайшанскай школы – за падзелкі з бульбы. Цэлы дзень каля “Гасцёўні бульбаша” гучала музыка. Калектывы змянялі адзін аднаго, падтрымліваючы агульны вясёлы настрой. Кульмінацыяй свята стала выступленне сталічнага ансамбля “Гуляй бульбаш”.

www.voran.by