Дзень вёскі “Сёння ў нашай хаце свята” адзначылі на Іўеўшчыне

12 жніўня ў в. Жылі Іўеўскага раёна прайшло свята вёскі пад назвай “Сёння ў нашай хаце свята”. Госці пачулі шмат цікавых фактаў з гісторыі вёскі, з задавальненнем паслухалі песні геранёнскіх артыстаў, паспыталі шчасце ў бяспройгрышнай латарэі і атрымалі вялікую асалоду ад творчасці мясцовых умельцаў, якая была прадстаўлена на выстаўцы “У кожным вырабе – сонца”.

Падчас свята ўшаноўваліся старэйшыя мясцовыя жыхары, мнагадзетныя сем’і, сям’я, стаж сумеснага жыцця якой перавысіў 50 год, самая маладая сям’я, імяніннікі, простыя добрасумленныя працаўнікі. Не былі забытыя і самыя маленькія вяскоўцы. Усе ўдзельнікі свята атрымалі падарункі. Дарослыя і дзеці дружна весяліліся на працягу трох гадзін. Нікому не хацелася развітвацца з артыстамі. Вёска Жылі ў святочны дзень танцавала, спявала і “звінела”!