Каляднае свята “Святы вечар” у аг. Мацвееўцы Ваўкавыскага раёна

Па даўняй традыцыі 7 студзеня Мацвееўскі Дом культуры Ваўкавыскага раёна запрасіў у глядзельную залу жыхароў і гасцей аграгарадка на каляднае свята пад прыгожай назвай “Святы вечар”.

Удзельнікі дзіцячага клуба традыцыйнай народнай культуры “Фалькларынка” Мацвееўскага ДК разам з дарослымі пераапрануліся ў ражаных. Пачатак свята азначыўся  выхадам гурта калядоўшчыкаў з удзелам Звяздара з Каляднай зоркай, анёлаў, механошы, павадыра з казой. Незабыўныя ўражанні выклікала ва ўсіх прысутных маленькая козачка, якая  танцавала і нават спявала: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць”. Яшчэ з даўніх часоў лічылася, што з дапамогай  гэтай жывёлы ў гаспадарцы будзе добры прыплод і багаты ўраджай.

Калядоўшчыкі не абдзялілі ўвагай і гаспадароў, зычылі  ім багацця, здароўя і дабрабыту. Скончыўшы ўсе абрадавыя дзеянні,  гурт калядоўшчыкаў хуткай хадой накіраваўся па прыбраных вулачках аг. Мацвееўцы да тых аднавяскоўцаў, якія не мелі магчымасці наведаць установу культуры, каб і іх павіншаваць са святам.

Звонкія і вясёлыя калядныя песні ў гэты дзень ўсім падымалі настрой. Каляды для беларусаў – гэта спрадвечнае свята, напоўненае радасцю, веліччу і аптымізмам.