Кушлянскі фэст 2018 – сабраў сяброў у Смаргонскім раёне

Паэтычна-музычны фэст у музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча прайшоў па ініцыятыве Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Смаргонскага райвыканкама.

Урачыста адкрыў фестываль народны ансамбль народнай песні “Вечарынка” вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй “Прывітальная”. Удзельнікаў і гасцей свята прывіталі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва, загадчык музея-сядзібы Ф. Багушэвіча ў Кушлянах Алесь Жамойцін. Свае вершы прачыталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэты Віктар Шніп і Ала Клемянок. Цікавую канцэртную праграму падрыхтавалі да свята фальклорныя калектывы Смаргоншчыны.

Працавалі тэматычныя пляцоўкі, праводзіліся бясплатныя экскурсіі па экспазіцыі музея, можна было набыць сувеніры, паўдзельнічаць у віктарыне, музейна-педагагічных занятках па вырабе батлеечнай лялькі і паглядзець спектакль батлейкі, які ладзілі вядучы навуковы супрацоўнік музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец і загадчык філіяла “Беларуская хатка” Таццяна Лабада. Навуковы супрацоўнік музея гісторыі беларускай літаратуры Алена Канапацкая знаёміла маленькіх наведвальнікаў з народнымі музычнымі інструментамі, даючы магчымасць патрымаць іх і нават паспрабаваць зайграць.

Напрыканцы фэсту ладзіўся бард-сядзібнік, дзе выступілі выканаўцы песень пад гітару Міхаіл Бараноўскі, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Бартосік.

БОЛЬШ ФОТА: Газета «Светлы шлях»

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.