На дранікі і бульбяныя клёцкі запрасілі жыхароў аг. Баруны Ашмянскага раёна супрацоўнікі мясцовага клуба

Аладкі, бабка, бульбяныя клёцкі з мясам, дранік-велікан, пальчыкі з бульбяным начыннем, торт-салат з бульбы – вочы разбягаліся ад прысмакаў, якія хацелася паспытаць на свяце ў аграгарадку Баруны. Нават той, хто сочыць за фігурай, махнуў рукой на забарону – не змог устаяць перад гастранамічнай спакусай.

У восьмы раз мясцовыя работнікі культуры ладзяць у аграгарадку “Бульбяны кірмаш”. Мясцовыя людзі гэтага свята чакаюць, яму заўсёды рады і дарослыя, і дзеці. Мерапрыемства праводзіцца звычайна ў сярэдзіне восені і з’яўляецца своеасаблівым вынікам сельскагаспадарчых работ, якія ў асноўным ужо завершаны. Ураджай з палёў і агародаў звезены ў засекі. Збожжа, агародніна і садавіна надзейна прыхаваны ад зімовых халадоў. Ёсць запасы ў слоіках і маразільных камерах. А хто не паспеў падрыхтавацца да доўгай і нуднай зімы, змог зрабіць гэта і на імправізаваным кірмашы. Тут можна было набыць капусту, мёд, нават венікі для лазні, якіх шмат нарыхтаваў за лета Юрый Ліхач.

Свята атрымалася вясёлым і душэўным. Мажліва таму, што рыхтавалі яго ўсе разам. У конкурсе на лепшую бульбяную страву прынялі ўдзел гаспадыні з васьмі вуліц аграгарадка. Аб’яднаўшыся групамі, яна прынеслі на мерапрыемства  такое смакоцце, што журы разгубілася. Старшыня сельвыканкама Андрэй Дулько, Галіна Ігнатовіч і Галіна Вяржынская прыйшлі да высновы, што адзначаць трэба ўсіх. А які смачны волат-дранік спяклі работнікі школьнай сталовай! Яго хапіла на ўсіх. Паспрачацца ў кулінарным майстэрстве прыйшлі і прадаўцы мясцовай крамы філіяла абласнога спажывецкага таварыства “Родны кут”. Іх клёцкі з мясам не саступалі прысмакам мясцовых гаспадынь.

Смачнымі, прыпраўленымі гумарам і добрым настроем, атрымаліся дранікі ва ўдзельнікаў конкурсу, якія на хуткасць, на дзвюх печках выпякалі бульбяныя аладкі. Каманды на выдатна справіліся з заданнем, за што атрымалі дыпломы.

На свяце можна было паласавацца таксама юшкай і шашлыком, папкорнам і салодкай ватай. А для эстэтычных гурманаў была падрыхтавана канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел работнікі Гальшанскага і Навасёлкаўскага аддзелаў культуры і вольнага часу, народны сямейны ансамбль “Граўжанцы”, народны тэатр танца і песні “Імпульс”. Тэатралізаванае прадстаўленне зладзілі Галіна Вяржынская, Наталля Рукевіч, Арцём Гружэўскі, Алена Альшук і Алена Шавель. Добры настрой месцічам дарылі вядучыя Вераніка Свідрыцкая і Канстанцін Яраш. Вучні Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу да свята арганізавалі выставу вырабаў з выкарыстаннем бульбы пад назвай “Бульба бум”. У гэты дзень можна было атрымаць асалоду ад карцін мастачкі з Ашмян Таццяны Міцкевіч і нават іх набыць. Мясцовая бібліятэка падрыхтавала са сваіх фондаў выставу літаратуры аб бульбе.

Свята атрымалася. Як адзначыла загадчык мясцовага Дома культуры Алена Альшук, людзі засталіся задаволенымі, ніхто ў гэты дзень не сумаваў. Так атрымалася, што падзяка за праведзенае мерапрыемства аказалася двухбаковай. Барунцы дзякавалі мясцовым работнікам культуры, а клубная ўстанова органам мясцовай улады і людзям, якія прычыніліся да гэтай дзеі.

Аліна САНЮК.

Фота з архіва раённага цэнтра культуры.

“Ашмянскі веснік”