Народнае гулянне «Вясёлы вазок – чатыры колы» ў аг. Курылавічы Мастоўскага раёна

Сярэдзіна ліпеня, цёплае лета ў самым разгары. Нават крыху суцішыўся дождж, каб не перашкаджаць святочнаму настрою. Па дарозе аг. Курылавічы Мастоўскага раёна зноў коцяцца з музыкай і песнямі вясёлыя вазкі. Жыхары аграгарадка сустракаюць вазкі каля сваіх падворкаў і накіроўваюцца цэлымі сем’ямі да Дома культуры, дзе ва ўтульным двары размясцілася цэнтральная пляцоўка свята.

А тут ужо віруе святочнае жыццё! Дзяцей радуюць батуты, горкі, гелевыя шары, драўляныя цацкі. Гандлююць рознай смакатой: папкорнам, салодкай ватай, цукеркамі, выпечкай. Пляцоўка ўпрыгожана саматканымі дыванамі, рушнікамі. А вось і выстаўка арыгінальных вырабаў мясцовай майстрыхі Чарток Таццяны Ігнацьеўны, сярод якіх вылучаецца кампазіцыя «Вясёлы вазок – чатыры колы».

Усіх запрашаюць праявіць сябе ў вясёлых народных танцах: «Лявоніха», «Полька», «Вальс», «Кракавяк» і іншыя. Ёсць дзе бавіць час, але ўсе чакаюць кавалькаду вазкоў, якая набліжаецца па дарозе да пляцоўкі. І вось вазкі пад’язджаюць – і тут ужо ёсць на што паглядзець. Вось едуць з кірмашу Дзед і Баба, яны добра патаргавалі і накупілі цэлы кош рознай смакаты ўнукам. Каля іх на вазку едуць Марыська і Ясік – героі беларускіх народных казак. На прыгожым вазку чынна едзе пан Адальф Быкоўскі. Трактарыст Прэдка Аляксей Аляксандравіч вязе на сваім трактары вясёлых дзяўчат-калгасніц, якія з песнямі едуць з сенакосу. Цыганскі конік весела трусіць пад песні цэлага табару цыганак. А вось конік з Галубоў вязе сватоў. Едуць хлопцы-музыкі са сваццяй на свята шукаць сваё шчасце.

Па традыцыі, удзельнікі шэсця ўскладаюць кветкі да помніка загінуўшым воінам-аднавяскоўцам і накіроўваюцца да цэнтральнай пляцоўкі. Тут іх сустракаюць і частуюць святочным караваем, і пачынаецца вясёлае тэатралізаванае прадстаўленне «Едуць, едуць да нас госці». Персанажы тэатралізаваных вазкоў паказваюць свае здольнасці. Дзед і Баба выступаюць са сваім вучоным Конікам, весела спяваюць. Пранікнёна выконваюць песню калгасніцы. Сапраўдны феерверк песень і танцаў ладзяць маладыя цыганкі з Азёрак. Пан Быкоўскі таксама паказвае свае вакальныя здольнасці. Завяршаюць выступленне сваты з Галубоў, якія разыгрываюць цэлы спектакль сватаўства з гульнямі, песнямі, танцамі. Возчыкаў, якія кіравалі ўпрыгожанымі вазкамі, Дзед і Баба ўзнагароджваюць падарункамі.

Свята прадоўжылі канцэртам госцейкі з Зэльвенскага раёна. А пасля былі танцы, забавы, гульні. Дзед і Баба з прыпеўкамі і жартамі разыгралі бяспройгрышную латарэю «Знайдзі сваю падкову шчасця». Яскравае і вясёлае свята падаравалі ўдзельнікі калектываў аматарскай творчасці Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры сваім аднавяскоўцам. А на наступны год вясёлы вазок зноў будзе каціцца па дарогах аграгарадка Курылавічы.