Рэгіянальнае свята “Зямля пад белымі крыламі” ў аг. Трабы Іўеўскага раёна

29 ліпеня ў аг. Трабы Іўеўскага раёна было праведзена рэгіянальнае свята Зямля пад белымі  крыламі. Вядучыя мерапрыемства віталі ўсіх, хто прыйшоў адпачыць ад хатніх клопатаў, штодзённай працы і бурлівага вадавароту жыцця. Наведаў свята і прадстаўнік слаўнага гістарычнага мінулага трабскага краю – князь Трабус з Летапісцам у суправаджэнні факеланосцаў. Пачэсны госць уручыў падзяку-грамату Валянціне, дачцы Мечыслава, як узнагароду за клопаты пра зямлю трабскую. Старшыня Трабскага сельвыканкама Марусава Валянціна Мечыславаўна пажадала добрага настрою сваім землякам і гасцям.

Падчас мерапрыемства мілагучныя песні і добрыя словы падзякі за працу прагучалі для ўсіх жыхароў малой радзімы, працаўнікоў розных арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі трабскага рэгіёну.

У святочнай праграме прынялі ўдзел таленавітыя музыканты, спевакі і выканаўцы з аграгарадка Трабы: знакаміты калектыў баяністаў-акардэяністаў з вакальнай групай; жаночы вакальны ансамбль клуба ветэранаў працы “Добрыя сустрэчы”; чытальнікі Ядзвіга Казіміраўна Смушка, Леакадзія Паўлаўна Гурына, Ніна Міхайлаўна Астрэйка, салісты і калектывы аматарскай творчасці аддзелаў культурна-масавай і асветнай работы аг. Трабы, аг. Суботнікі, Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

На працягу мерапрыемства працавалі выстаўкі-продажы сувенірнай прадукцыі майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, рамеснікаў вобласці, гандлёвыя рады, атракцыёны, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы.