Стадыён “Алімп” стаў цэнтрам дыялогу культур у Шчучыне

У райцэнтры прайшло ўрачыстае адкрыццё рэканструяванага гарадскога стадыёна “Алімп”, які акрамя галоўнага спартыўнага аб’екта Шчучыншчыны стаў цэнтрам дыялогу культур. Усе рамонтныя работы былі праведзены ў рамках рэалізацыі праекта “Трансгранічныя цэнтры для дыялогу культур “Польшча-Беларусь-Украіна”.

 

У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, а таксама партнёры з Польшчы – бурмістр горада Шчучын Артур Кучыньскі і вуйт гміны Радзілув Кшыштоф Мілеўскі.

 

   

 

— У нашай краіне на працягу стагоддзяў побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій і культур, — падкрэсліў Аляксей Садоўскі. — Гэта разнастайнасць стала візітнай карткай Беларусі, яе ўнікальнай спадчынай і неацэнным дарам продкаў, які неабходна захаваць дзеля міру, дабрабыту і працвітання будучых пакаленняў. Сёння мы падводзім рысу пад першым этапам рэканструкцыі гарадскога стадыёна “Алімп”, дзе створаны цэнтр дыялогу культур трох краін: Беларусі, Польшчы і Украіны. Шчыра жадаю, каб ён стаў сапраўдным сімвалам сяброўства. Менавіта ў гэтым напрамку нам трэба рухацца. Вялікі дзякуй усім, хто дапамог у рэалізацыі гэтага важнага для нашага раёна праекта.

 

 

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся бурмістр польскага горада Шчучын Артур Кучыньскі:

 

— Першы раз я наведаў беларускі Шчучын дзесяць гадоў таму. Тады і падумаць не мог, што разам мы ажыццявім такі маштабны праект. Спадзяюся, тут будуць часта праходзіць цікавыя мерапрыемствы, фестывалі, майстар-класы па мастацтве, фальклоры і навуковай рабоце з удзелам розных пакаленняў нашых народаў!

Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксей Садоўскі і Артур Кучыньскі перарэзалі чырвоную стужку, запусціўшы аб’ект у культурнае плаванне.

 

Падчас азнаямляльнай экскурсіі па стадыёне “Алімп” усе жадаючыя змаглі ацаніць маштаб зробленага.

 

— Супрацоўніцтва паміж нашым Шчучынам, яго цёзкам-пабрацімам у Польшчы і ўкраінскім Ковелем развівалася яшчэ задоўга да ўзнікнення самой ідэі гэтага праекта, — зазначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі. – Мы вырашылі ўзняць яго на новы ўзровень. Для гэтага неабходна было выбраць адпаведную пляцоўку са зручным пад’ездам, дзе змогуць размясціцца некалькі тысяч чалавек. Месцам такіх сустрэч і быў абраны гарадскі стадыён “Алімп”. Тут быў праведзены рамонт будынка: абсталяваны трэнерскія і грымёркі, адноўлены санвузлы і душавыя, устаўлены новыя дзверы і вокны, пакладзена плітка і многае іншае. Цяпер аб’ект адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.

 

Агульны бюджэт праекта склаў 2,62 мільёна еўра. Сродкі немалыя, але яны накіраваны на ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі Беларусі, Польшчы і Украіны.

 

  

  

 

Пасля адбыўся святочны канцэрт: сваім талентам гледачоў радавалі хор польскай песні “Промень”, народны ансамбль беларускай песні «Медуніцы», ансамбль песні “Васільковая раніца”, а таксама чэрлідары сярэдняй школы № 2 горада Шчучына. У перапынку паміж нумарамі кіраўнік раёна Аляксей Садоўскі ўручыў узнагароды шчучынскім спартсменам, якія сёлета гучна заявілі аб сабе на ўсю краіну. Падарункі атрымалі юныя футбалісты 2007-2009 гадоў нараджэння і іх трэнер Анатолій Пашук, якія сталі пераможцамі рэспубліканскай спартакіяды па футболе «Каласок» сярод дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў. Таксама былі ўшанаваны ігракі валейбольнай зборнай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы г. Шчучына пад кіраўніцтвам трэнера Германа Байчарова, якія сталі прызёрамі ў рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ па гандболе сярод юнакоў 2010-2011 гадоў нараджэння.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 

           

«Дзянніца»