Свята касцоў у Вензаўцы Дзятлаўскага раёна

Ужо некалькі гадоў запар Свята касцоў збірае працаўнікоў вёскі і гасцей з раёна. Свята традыцыйна праходзіць у рамках раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”. Святочнай пляцоўкай і нязменным месцам сустрэчы прыхільнікаў свята стаў аграгарадок Вензавец. Арганізатары мерапрыемства – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, калектыў работнікаў Вензавецкага сельскага савета. Гасцей мерапрыемства парадавалі разнастайнасцю і каларытам гандлёвыя кропкі, якія размясціліся побач са святочнай пляцоўкай. Тавары на любы густ прадаставілі рамеснікі, райспажыўтаварыства і госці з суседніх абласцей і раёнаў. Для дзяцей была арганізавана гульнёвая пляцоўка і атракцыёны.

Пачалі свята вядучыя Людміла і Ніна Баклушыны. Яны расказалі пра складаную працу касцоў, пра абрады, якія суправаджалі працэс касьбы яшчэ са старажытных часоў, падзяліліся сабранымі прыказкамі і прымаўкамі пра цяжкую працу касца.

З асаблівай цікавасцю ўсе ўдзельнікі свята глядзелі выступленне навучэнцаў Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Піянеры прадэманстравалі гледачам дынамічнае выступленне агітбрыгады ў фармаце флэш-моб, падарыўшы гледачам зарад бадзёрасці і добры настрой.

Працягнуў святочную праграму калектыў народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры і творчасці.

Затым словы прывітання ўсім удзельнікам свята выказалі старшыня Вензавецкага сельсавета Алег Шымко і кіраўнік КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік.

Потым стартавала эстафета на лепшага касца. У ёй прынялі ўдзел пяць каманд калектываў сельгаспрадпрыемстваў раёна. За КСУП “Хвінявічы” выступілі Іван Кашчык і Станіслаў Муха, за КСУП “Войневічы” паспаборнічаў Аляксандр Саргавіцкі, за КСУП “Слава працы” – Віктар Хінько, за КСУП “Вензавец” – Дзмітрый Ліпскі.

Эстафета стварыла на святочнай пляцоўцы спартыўны дух змаганняў, здаровы працоўны запал і жаданне перамогі, але разам з тым захавала сяброўскую атмасферу.

Працягам свята стала выступленне сталічнага тэатра цыганскай песні “Жемчуга”.

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў эстафеты на лепшага касца стала прыемным момантам свята. Па выніках журы лепшым касцом прызнаны Станіслаў Муха з КСУП “Хвінявічы”. Узнагароду і каштоўныя падарункі ўручылі пераможцу старшыня Вензавецкага сельсавета Алег Шымко і кіраўнік КСУП “Вензавец” Ігар Гульнік.

Завяршыла святочную праграму выступленне народнага ансамбля музыкі і песні “Ятранка”.

Маленькіх удзельнікаў свята чакаў рознакаляровы коларфэст і дыскатэка.

Аксана АНДАЛЮКЕВIЧ

Источник: Газета «Перамога»