У вёсцы Гродзі Ашмянскага раёна адсвяткавалі Сёмуху

20 мая вёска Гродзі Ашмянскага раёна адсвяткавала Сёмуху. У гэты дзень цёплае надвор’е спрыяла выдатнаму настрою святкуючых. З самага ранку ўвазе гасцей быў прадстаўлены абрад “Ваджэнне куста”, які ў гэтай мясцовасці праводзіўся ўпершыню. Гэты элемент –  яркая адметнасць троіцкага свята.

Дзяўчаты сабраліся ў адной з вясковых хат, жанчыну Кусту –  увасабленне ўраджаю – упрыгожылі зялёнымі галінкамі і павялі па вёсцы, выконваючы святочныя песні. Гурт не абмінуў і людзей старэйшага ўзросту, якія ў гэты дзень пачулі шмат прыемных пажаданняў. На цэнтральнай пляцоўцы, каля аддзела культуры і вольнага часу, праводзіліся абрадавыя гульні: “Упрыгожванне бярозак”, “Варажба на вяночках”, “Завіванне бярозкі”, “Кумаванне”, сюжэтна-забаўляльная праграма “Гульнёвы кірмаш”.

Вясёлы настрой цераз прыгожыя і вясёлыя песні дарылі ўсім прысутным удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” аг. Кракоўка. Фінальнай кропкай у прыгожым вясновым свяце стаў праход гасцей праз “Сёмушную арку”.