Урачыстае адкрыццё свята «Дзятлава ў сэрцы маім!»

На плошчы 17 Верасня пад акампанемент Наваельнянскага зводнага духавога аркестра пачалося ўрачыстае адкрыццё свята «Дзятлава ў сэрцы маім».

На сцэне разгарнулася сапраўднае прадстаўленне. У XXI стагоддзе прыбылі Вялікі князь літоўскі і яго світа, каб павіншаваць Дзятлава са значным юбілеем.

Вядучыя ўрачыстага мерапрыемства ўзгадалі гістарычныя падзеі, звязаныя з нашым горадам, таксама агучылі імёны знакамітых дзятлаўчан.

У горада-юбіляра шмат поспехаў, і гэта ўсё — дасягненні людзей, якія ўносілі і ўносяць уклад у развіццё сваёй Дзятлаўшчыны: і ветэраны, якія прайшлі суровыя ваенныя гады, і тыя, хто прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні і развіцці сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, культуры, прамысловасці, будаўніцтва.

Са словамі віншаванняў да жыхароў і гасцей раёна звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік.

Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта была заснавана Кніга Славы Дзятлаўскага раёна. У яе заносяцца імёны лепшых прадстаўнікоў Дзятлаўшчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё горада і раёна.

Ганаровае права вынесці Кнігу Славы прадаставілі Яўгеніі Лявончык, пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве і абласной даследчай канферэнцыі , і Аляксею Пацыновічу, пераможцы і прызёру абласных конкурсаў і фіналісту міжнароднага  конкурсу інавацыйна-даследчай дзейнасці.

Аляксандр Дубовік уручыў пасведчанні аб занясенні ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна Веры Сёмухе і Іосіфу Лайло (пасмяротна).

На працягу мерапрыемства для гледачоў выступалі артысты раёна і Гродзенскай вобласці.