Запрашаем на выстаўку “Праз сэрца і рукі”!

У Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці 5 лютага адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі творчасці сям’і Аляксандра і Тамары Сцяцэнка з г. Слоніма “Праз сэрца і рукі”. У экспазіцыю ўвайшло больш за 50 твораў. Пейзажы, нацюрморты, габелены, лічбавы жывапіс, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – створаныя таленавітымі рукамі работы адлюстроўваюць прыгажосць роднага краю, сардэчнасць і пяшчоту чалавечых узаемаадносін.

Адкрыццё выстаўкі стала цэлай падзеяй у жыцці мастакоў! Парадавацца за творчую сям’ю прыехалі сябры з розных куткоў Беларусі, аднадумцы і шматлікія прыхільнікі мастацтва. Сябра Беларускага саюза мастакоў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Феліксавіч Шунейка расказаў пра сумесную творчую дзейнасць Аляксандра і Тамары, а сябра сям’і Бушчык Святлана Генадзьеўна – пра іх цікавы жыццёвы шлях і каштоўныя чалавечыя якасці. Аўтар работ Аляксандр Васільевіч узрушыў гасцей душэўнымі вершамі ўласнага сачынення. Прасякнутая радасцю і цеплынёй імпрэза, несумненна, выклікала гарачы водгук у сэрцах усіх прысутных.