«Журавінавае” свята адзначылі ў аг. Корнадзь Свіслацкага раёна

“Журавінавы рай” – пад такой назвай 23 верасня ў аг. Карнадзь прайшло свята журавін. І гэта невыпадкова. Бо на тутэйшым балоце Дзікае гэту карысную і смачную ягаду заўсёды збіралі ў вялікай колькасці. Журавінам у гэты дзень была нададзена асаблівая ўвага. Таму і вядучай праграмы стала віноўніца свята – Каралева Журавіна, якая на працягу ўсяго канцэрта знаёміла гледачоў з цікавымі фактамі і карыснымі ўласцівасцямі восеньскай ягады.

Добры настрой і ўсмешкі гледачам дарылі супрацоўнікі клуба аграгарадка Корнадзь, музычнай школы, удзельнікі музычнага гуртка “Вяснянка”, а таксама запрошаныя госці з Мастоў. Праводзіліся конкурсы для дарослых і дзяцей. Кожны жадаючы мог паспытаць удачу ў бяспройгрышнай латарэі, паласавацца салодкай ватай і папкорнам,  маленькія ж аматары журавіны спяшаліся павесяліцца на батуце. Сярод жыхароў аграгарадка праходзіў кулінарны конкурс на лепшую страву з абавязковым выкарыстаннем журавін. У кожнай гаспадыні атрымаўся сапраўдны кулінарны шэдэўр, на якім прывабнай чырванню ззяла віноўніца свята.

Пірагі, салаты, печыва, журавінавае жэле, морс – ад разнастайнасці разбягаліся вочы! Па настроі гледачоў можна было смела сказаць, што свята атрымалася вельмі цікавым і “вітамінным”!

Па матэрыялах выдання «Свіслацкая газета». Фота Таццаны Кавальчук.

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)