”Вялікая вясельніца – 2023“

21.10.2023 года дэлегацыя Гродзенскай вобласці ўпершыню прыняла ўдзел у II адкрытым абласным фальклорным форуме і абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца – 2023“, якія прайшоў у г.Дуброўна на базе рааённага цэнтра народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці.
У выстаўцы-прэзентацыі вясельных караваяў ”Вясельны каравай“ прынялі ўдзел народны фальклорны калектыў “Чараўніцы-каравайніцы” Навасёлкаўскаўскага цэнтра культуры Слонімскага раёна (кіраўнік Кірыенка Дар’я Віктараўна) і супрацоўнікі Ваўкавыскага раённага Цэнтр культуры і народнай творчасці (кіраўнік Маржала Святлана Генадзьеўна.
Адбылася прэзентацыя элеметаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: «Веды і навыкі па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”; «Традыцыя выпечкі караваеў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка». Удзельнікі калектываў прадэманстравалі і майстар-класы па вырабе ўпрыгожванняў для вясельных караваяў.
У канферэнцыі ”Традыцыйнае народнае вяселле“ з дакладам выступіла Наталля Рамановіч, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Менавіта рэгіянальным асаблівасцям вясельных традыцый Гродзеншчыны як аднаму з пластоў традыцыйнай сямейнай абраднасці была прысвечана тэма выступлення.
Запісаныя звесткі па вясельнай абраданасці на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адрозніваюцца, у параўнанні з вяселлем, напрыклад, Гомельшчыны, сціпласцю рытуалаў, абрадавых дзеянняў, міфалагічных вераванняў, аднак, ужо сёння, маючы даволі шмат запісаў, артыкулаў пра пэўныя этапы вясельнай абраднасці, можна цвярджаць, што хоць заходнебеларуская вясельная традыцыя і нераўнамерна прадстаўлена, але не выглядае беднай, а наадварот, багата на разнастайныя па тэматыцы і ў жанравых адносінах песнямі, прыкметамі і павер’ямі, мае свае лакальныя адметнасці.
Паводле даследаванняў, звестак, запісаных у Астравецкім, Воранаўскім, Гродзенскім, Мастоўскім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах, для структуры вяселля на Гродзеншчыны характэрны абрадава-этнаграфічныя рысы традыцыйнага вяселля цэнтральнай зоны беларускага Панямоння. Гэта такія абрадавыя этапы, як: сватаўство (сватанне); даволі развіты цыкл каравайных абрадаў; прыезд маладога да маладой; вянчанне; вясельнае застолле ў маладога; пасля — ў маладой; радзей — зборная субота. На вяселлях у вёсках абавязкова ставілі брамы і прыязджалі “цыганы”.
Багацце вясельных абрадавых дзеяў, само вяселле і далейшыя дзеі на збліжэнне радоў нявесты і жаніха можна параўнасць з “народнай операй”, дзе ёсць месца вераванням, замовам, народнаму гумару, выканальніцкім майстэрствам удзельнікаў вясельнага свята: тэатралізацыя, спевы, танцы і т.д.
Сёння работнікі культуры Гродзеншчыны шмат працуюць ад адраджэннем традыцый і абрадаў, што несумненна спрыяе прыцягненню больш пільнай увагі мясцовай супольнасці да выяўлення і вырашэння праблемных пытанняў бытавання, захавання і развіцця праяў традыцыйнай культуры, пераемнасці нацыянальнай спадчыны.
Па ініцыятыве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці” з 15 мая 2023 года рэалізовываецц абласны праект па папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны “Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”. Галоўнымі мэтамі якога з’яўляюцца папулярызацыя не толькі 23 гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, якія бытуюць на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і 18 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэгіянальнага інвентару, але і іншых праяў мясцовай традыцыйнай культуры – народных святаў, абрадаў, узораў выканальніцкага фальклорнага мастацтва, традыцыйных рамёстваў, этнаграфічных аб’ектаў.
З сакавіка 2022 года работнікі культуры працуюць над абласным даследчым праектам “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны”.
Дэлегацыя Гродзенскай вобласці паўдзельнічала ў творчай лабараторыі ”Адметныя танцы Віцебшчыны“. Змястоўнай была і прэзентацыя выстаўкі ”Вясельныя традыцыі Віцебшчыны“.