ТЭАТРАЛЬНЫЯ ПАДМОСТКІ СКАРАЮЦЦА ТАЛЕНАВІТЫМ

Тамара МАЗУР

У Скідзелі ў суботу 26 кастрычніка адбылася значная культурная падзея – свята “Несцерка запрашае”. Гэта мерапрыемства праводзіцца адзін раз у два гады па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў. У гэты дзень шыкоўны Скідзельскі гарадскі Дом культуры ператварыўся ў сапраўдны тэатр, з адпаведнай атмасферай, якая заўсёды спадарожнічае мастацтву.

Дзве вялікія жывыя “лялькі” сустракалі артыстаў і гледачоў каля ўваходу ў будынак установы культуры, міжволі настройваючы першых на  сцэнічную працу, а другіх – на ўспрыманне чагосьці калі не звычайнага, дык дакладна не будзённага. З імі з задавальненнем сфатаграфаваліся старшакласнікі сярэдняй школы №2. На памяць. І думаю, што яна будзе толькі добрай.
На першым паверсе прадавалі кактэйль з розным сокам, поп-корн, смажылі бульбяныя чыпсы, водар якіх прымушаў згадаць пра Несцерку – славутага вядучага лялечных тэатраў. Чаму ён асацыірыецца з бульбай?
Хутчэй за ўсё таму, што ўвасабляе сабой вобраз беларуса, які ніколькі не крыўдуе на мянушку “бельбаш”, а проста робіць тую справу,  да якой здатны. Аднак пакуль у Несцеркі было шмат спраў за кулісамі, хтосьці павінен быў забаўляць гледачоў да пачатку спектакляў. Гэтую ролю ўзялі на сябе ў холе на другім паверсе мімы і высачэсныя анёлы. Тут знайшлося месца і для стала, за якім дзеці ляпілі розных мініяцюрных зверанят, як вучыла майстар мастацкіх вырабаў Таццяна Рублеўская. Вядома, што і яны зрабілі перапынак, як толькі “ажылі” лялькі над загадкавым зялёным палатном і пачаўся спектакль “Падарунак для сонейка”. Гэту пастаноўку прадставіў дзіцячы лялечны тэатральны гурток “Калабок” філіяла “Сурынскі цэнтр культуры”, які прыехаў са Слонімшчыны. З гэтага ж раёна парадваў гледачоў спектаклем на “дарослай” сцэне пад назвай “Пралеска і божая кароўка” драматычны гурток “Фантазёры” Вялікашылавіцкага цэнтра культуры. Маленькім дзяўчынкам удалося перадаць пакуты раслінкі, час росквіту якой быў надзвычай кароткі, а таксама  глыбокія перажыванні сяброўкі, якой трэба жыць далей сярод іншых кветак.  Дзіцячы тэатральны калектыў Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчаці  “Тэатральная маска” пад кіраўніцтвам Вікторыі Радзецкай  прысвяціў сваю пастаноўку  беларускай касманаўтцы Марыі Васілевіч.  П’еса-комікс “Уцёкі з космаса” нагадала гледачам аб славутым зямным прыцяжэнні і пра тое, што дзе б мы ні былі, дома найлепш. Падлеткавы тэатр пантамімы “Маскі”  з Ваўкавышчыны пафантазіраваў на тэму моды і фотасесій у мініяцюры “Калейдаскоп жыцця”. Яго кіраўнік і загадчык Роскага Дом культуры Ірына Семяняка адзначыла на дыскусіі, што адбылыся пасля завяршэнння спектакля ў прафесійным коле кіраўнікоў устаноў культуры і аматарскіх тэатральных калектываў, што з падлеткамі працаваць сёння цяжка, але неабходна. Для гэтага варта прыкласці ўвесь свой талент, здольнасці і веды, якія сёння лёгка ўзнаўляць, дзякуючы інтэрнэту.  І ацэньваць выхаванцаў па трох паказчыках: фізічнай форме, творчасці і дысцыпліне.  Затое як узрастае іх матывацыя, калі яны бачаць сваю запатрабаванасць на самых розных мерапраемствах! Дарослыя  аматаскія тэатральныя калектывы  сталі пераможцамі сёлетняга агляда-конкурса, аддаўшы прыярытэт патрыятычнай тэматыцы з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця свята “Несцерка запрашае” пачаўся  спектакль “Слязінкі Хатыні па ўсёй Беларусі” у выкананні тэатральнага гуртка з Воранава пад кіраўніцтвам Надзеі Лісоўскай. Немагчыма было паверыць, што яго ставіць аматарскі калектыў без наймення народны ці ўзорны (адно з патрабаванняў дадзенага мерапрыемства). Адмысловая ігра акцёраў, асабліва Андрэя Жэгздрына,  дапаўнялася дакументальнымі кадрамі з жахлівым нямецка-фашысцкім “гаспадараннем” на нашай зямлі. Гледачы не маглі стрымаць эмоцый, якія выліліся ў тыя самыя слязінкі, вынесеныя  ў назву спектакля. Яго рэжысёр – Ірына Камінская,  дырэктар ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, – дзелячыся вопытам адлюстравання ваенных падзей на сцэне, адзначыла, што поспеху дадзенага спектакля папярэднічала вялікая калектыўная праца не аднаго дня  і вопыт прадстаўлення шэрагу ранейшых работ, такіх як літаратурна-музычная кампазіцыя “І памяць сэрца не маўчыць”, спектакль “Дзеці вайны”, літаратурна-музычная замалёўка “У вайны не жаночы твар” і інш. Нягледзячы на тое, што зараз вельмі цяжка адцягнуць гледачоў ад гаджэтаў, асабліва моладзь, гэта ўсё ж удаецца зрабіць. У напрамку патрыятычным напрамку паспяхова працуюць тэатральныя гурткі філіялаў ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”, якія аб’ядноўваюць людзей розных уростаў. Кіраўнік гуртка “Творчыя людзі” Раціцкага цэнтра культуры Анжэліка Ігнатовіч змагла аб’яднаць падлетаў з аграгарадка. Іх літаратурна-музычная пастаноўка пад назвай “Доўгая дарога дадому”  пра палонных фашыскага канцэнтрацыйнага лагера і рабынь нямецкай фрау выклікала такі рэзананс, што  гледачы апладзіравалі стоячы. Аб тым, як набліжалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне беларускія партызаны, расказалі ў спектаклі “Паклонімся мы велічнаму часу” удзельнікі тэатральнага гуртка і клуба аматараў  тэатра “Драйв”, які дзейнічае пры Капцёўскім  цэнтра культуры. Кіраўнік гэтай суполкі Часлава Сямчук без ценю фармалізма падзялілася з калегамі сваім вялікім вопытам работы па прыцягненню ў клубнае фарміраванне людзей сталага ўзросту ў сельскай мясцовасці. Сама яна, маючы за спінай стаж працы дырэктара Дома і культуры і вопыт арганізацыі мноства тэатральных пастановак , знаходзячыся на заслужаным адпачынку паўтара дзесятка  гадоў таму пагадзілася нанова стварыць тэатральны гурток. У пошуку акцёраў-амарараў спачатку патэлефанавала 86 чалавекам. На першым часе адклікнуліся тыя людзі, якія яе памяталі. Потым да іх далучыліся іншыя актыўныя жыхары аграрадка. Вялікую дапамогу ў папулярызацыі гуртка “Драйв” адыграла і змяшчэнне яго разнастайных спектакляў і тэматычных праграм ў інтэрнэце. Такі кантэнт дазваляе пашыраць не толькі кола тэатралаў аматрараў, але і глядацкую аўдвторыю. Трэба зазначыць, што дэвізам сёлетняга свята “Несцерка запрашае” сталі словы народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна: “Смех хораша збліжае люей, а трапны жарт – найлепшы ўступ у сур’ёзную размову”. Аб гэтым нагадваў падчас  хвілінных перапынкаў паміж выступленнямі тэатральны гурткоў той самы Несцерка, ролю якога сыграў Андрэй Копаць,  з гуртам дзяўчат у нацыянальным адзенні. У вялізарным плеценым капелюшы яны разносілі па глядацкай зале квіткі з жартоўнымі загадкамі і частавалі канфетамі тых, хто меў і у запасе правільныя адказы.

Хваляй гумару парадаваў удзельнікаў свята гурток тэатральных мініяцюр “Балагур” Ганчарскага домам культуры з Лідскага раёна пад кіраўніцтвам вялікай прыхільніцы роднай беларускай мовы, талентавітай спявачкі і артысткі Ганны Булай. 

– Пачыналі мы, як многія, са звычайных ранішнікаў ды навагодні праграм, – шчыра падзялілася сваім вопытам Ганна Мікалаеўна. – А потым заўважылі, што чагосьці не хапае. Паспрабавалі ставіць гумарыстычныя мініяцюры і ўбачылі захапленне гледачоў, неверагодны кантакт з імі. Пачалі фарміраваць свой рэпертуар, узяўшы за аснову вопыт гурта “Забава” і адапціраваўшы розныя гумарэскі і анекдоты з інтэрнэта пад нашага мясцовага гледача.  Вялікім штуршком для росту стала дзесяць гадоў таму наша паездка за мяду, дзе мы набылі шмат сяброў, з якімі перапісваемся па сёння і ідзеліся сваім беларускамоўным рэпертуарам. Падчас абмеркавання аналіза стану і развіцця тэатральнай творчасці Гродзенскай вобласці, ініцыятарам якога выступіла намеснік дырэктра ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Наталля Рамановіч, слова было дадзена не толькі вопытным кіраўнікам тэатральных гурткоў, але і маладым спецыялістам. Яны далі зразумець, што не збіраюцца рабіць сабе якіясьці патуранні, бо ў кожнага ёсць перспектыва росту для атрымання іх калектывамі званняў народнага і, галоўнае, прызнання ўдзячным гледачом.

 Наступнае свята “Несцерка запрашае” адбудзецца пра два гады ў Берастввіцы.