У промнях залацістай саломкі. У Геранёнах прайшла вечарына народнага майстра Беларусі, чалавека года Гродзеншчыны Юзэфы Старасцінай.

“Творчасць праз сэрца і рукі” – пад такой назвай у аг. Геранёны прайшла вечарына народнага майстра Беларусі, чалавека года Гродзеншчыны, загадчыка сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры Юзэфы Старасцінай.

Мяркую, што наша гераіня у асаблівых рэкамендацыях не мае патрэбы. Аб яе багатым таленце, жыццёвым і творчым шляху неаднаразова распавядалі не толькі раёнка, але і абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. Усё ж маем намер яшчэ раз акунуць чытачоў у залацістае рамяство нашай гераіні і даць магчымасць наталіцца яе сонечнымі ліхтарамі творчага шчасця.

…Знайсці сваю любімую справу, справу жыцця магчыма ў любым узросце. У Юзэфы Эдвардаўны яна з’явілася амаль у сорак гадоў, калі на курсах павышэння кваліфікацыі яна набыла першыя навыкі па саломапляценні. Паступова, крок за крокам, яна так захапілася сонечнай саломкай, што без яе ўжо не змагла адчуваць сваё існаванне. Асваенне новых тэхнік  –  плоскае і аб’ёмнае  пляценне, саламяная пластыка, дэкаратыўная скульптура, аплікацыя саломкай – дазволіла надаць творчаму працэсу неабсяжныя магчымасці.  Асаблівай адметнасцю і прывабнасцю вырабаў з’яўляецца аб’ёмнасць форм, заснаваных  на традыцыях  абрадавай пластыкі, праз якія майстрыца практыкуе свой падыход да мастацкага саломапляцення. Панно – аплікацыі, фігуркі дзяўчат і хлопцаў у беларускіх нацыянальных строях, казачныя жар – птушкі і агромісты конь з вазком, Геранёнскі замак з саломы, дажыначныя снапы і вянкі. Усе работы  майстра – гэта цуд мастацтва, палёт творчай думкі, фантазія розуму і сэрца.

Геранёнская саломка разам са сваім  майстрам  не раз чаравала  ўдзельнікаў і гасцей  на шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных фестывалях, святах  традыцыйнай культуры, выставах – конкурсах. Як магніт, прыцягваюць погляды геранёнскія саламяныя капелюшы і кошыкі, анёлы і скарбонкі, знакамітыя па ўсей Беларусі. Чысціня і прастата, вязь і афармленне з захаваннем традыцый, прыгажосць і унікальнасць прадстаўленных для выставы  вырабаў з саломкі здзіўляе гледачоў мерапрыемстваў, застаўляе спыніцца каля іўеўскага падвор’я самых высокапастаўленых гасцей.

З 2009 года Юзэфа Эдвардаўна з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва майстар у 2011г. стала лаўрэатам прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры ў намінацыі “Народная творчасць”, у 2014 г. лаўрэатам  прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А. Дубко, у 2021 г. занесена на дошку гонару Іўеўскага раёна па выніках работы за 2020 год.

Дзейнасць майстра выдатна характарызуе яе работа з падрастаючым пакаленнем. Ажурны завіток залацістай саломкі і дасціпная навука ад Юзэфы  Старасцінай  вабіць у сектар рамёстваў ужо колькі год дзяўчынак і хлопчыкаў.

А колькі яшчэ новых агеньчыкаў запаліць у сэрцах сваіх выхаванцаў  наша гераіня і дапаможа разгарэцца ім ва ўсю моц!

Падзякаваць за плённую працу ўмелую майстрыцу прыехалі шматлікія госці, сярод якіх галоўны спецыяліст сектара культуры  Іўеўскага райвыканкама Ірына Грынкевіч, старшыня Геранёнскага сельвыканкама Віктар Вершаловіч, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Алена Нехведовіч, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры  Ірына Смірнова, а таксама калегі з розных устаноў культуры. Прыемным сюрпрызам для юбіляркі стала відэавіншаванне ад сям’і Канецкіх, якая працяглы час жыла ў Геранёнах.

Пажадаць жонцы, матулі і бабулі моцнага здароўя і вялікага творчага шляху прыйшлі на свята муж Анатолій, сыны Дзмітрый, Сяргей, нявесткі Наталлі і пяцёра ўнукаў.

Свята атрымалася яркім і запамінальным, бо ў зале сабраліся аднадумцы, людзі, якія ўмеюць тварыць і цаніць прыгожае.

Ірына Бутурля.

Станіслаў Зянкевіч (фота)

ivyenews.by