10 чэрвеня ў г.Гродна адбылося  рэгіянальнае свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”

10 чэрвеня ў г.Гродна адбылося  рэгіянальнае свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”, якое прымеркавана да Года міру і стварэння і праходзіла ў рамках рэалізацыі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці. Свята сабрала знакамітых ткачых з усёй вобласці, якія не пакідаюць спрадвечны жаночы занятак, і тых, хто рупліва і грунтоўна засвойвае мясцовыя традыцыі па-сапраўднаму народнага рамяства – ткацтва.

Свята распачалося харэаграфічнай кампазіцыяй “Слуцкія паясы” у выкананні Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Гарадзенскія карункі”.  І гэта не выпадкова. Менавіта слуцкія паясы з’яўляюцца адным з яскравых кодаў нашай нацыянальнай культуры.  Самабытнае  народнае мастацтва Панямоння: ткацтва падвойных дываноў, белаўзорыстых ручнікоў, каляровых узорных посцілак, мастацкіх габеленаў таксама займае сваё месца ў скарбонцы беларускай традыцыйнай культуры.

Свята адкрыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Клімовіч Алена Віктараўна.

Дырэктар Гродзенскага АМЦНТ Кацярына Васільеўна Хільмончык уручыла 27 майстрам народнай творчасці, якія зехаліся на свята, сертыфікаты ўдзельнікаў.

Вельмі цеплай была сустрэча  са старэйшым   народным майстрам Рэспублікі Беларусь Белакоз Верай Ігнатаўнай з вёскі Ляткі Мастоўскага раёна. Менавіта яна з’яўляецца асноўным захавальнікам традыцыі ткацтва падвойных дываноў на Мастоўшчыне. Прыехалі і пераемнікі ўнікальнай традыцыі  Станеўская Людміла, супрацоўніца Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, які, па сутнасці, з’яўляецца цэнтрам падвойнага ткацтва на Гродзеншчыне, і Марына Камінская, майстар ткацтва, нязменны кіраўнік узорнай студыі “Ткацтва” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі разам з удзельнікамі студыі.

Свята было зладжана дзякуючы плённай працы на ніве народнай культуры Алены Шунейка, метадыста нашай установы, унікальнага майстра габеленаў, стварэннем якіх займаецца больш за 40 гадоў. Гэта паспрыяла таму, што ў 2023 годзе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці атрамаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адраджэнне ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці.

Кожны жадаючы змог завітаць на ткацкі падворак кожнага раёна, пабачыць тэкстыльныя вырабы, атрымаць майстар-клас “з рук у рукі” ад носьбітаў традыцый па прадзенні на калаўроце і верацяне, па ткацтву, вырабу народнага пояса. Была магчымасць сесці за сапраўдныя народныя кросны, выткаць невялікую палоску тканіны альбо паспрабаваць з нітак змайстраваць пояс ці тэкстыльную стужачку.

Працаваў імправізаваны музей пад адкрытым небам “Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі”, дзе можна было пабачыць прылады працы па апрацоўцы лёну, прыстасаванні для прадзення і снавання пражы. Упершыню прэзентавалася тэкстыльнае палатно “Квецень Панямоння”, якое складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных майстрамі ткацтва з 17-ці аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці. Жадаючыя маглі наведаць  выстаўкі, што былі зладжаны на выставачных плошчах у будынку Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. У файе можна было пазнаёміцца з экспазіцыяй габеленаў Алены Шунейка “Тэкстыльныя акварэлі”, большасць якіх выраблены на ўнікальных кроснах з вертыкальнай асновай, якія сканструяваў яе бацька Фелікс Антонавіч у 80 – ыя гады мінулага стагоддзя.

На працягу свята выступалі лепшыя фальклорныя калектывы Гродзеншчыны: народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці,  народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці і Заслужаны аматарскі калектыў  Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Ніва” Верцялішкаўскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна, народны ансамбль песні “Нёман” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, народны ансамбль песні “Гармонія” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і фальклорны гурт “Крынічанька” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.