6 жніўня 2022 года ў г. Смаргоні адбыўся V абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”

6 жніўня 2022 года  ў г. Смаргоні адбыўся адзін з самабытнейшых фестываляў – V абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які традыцыйна ахапіў дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленечкай, вёсачкі з усёй Гродзенскай вобласці.

Яскравым момантам фестывалю стала святочнае шэсце, у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы вобласці, майстры народнай творчасці і носьбіты традыцый у народных строях. Падчас адкрыцця фестывалю адбыўся вельмі важны ўрачысты момант – перадача поясу, сімвала абласнога фестываля “Скарбы Гродзеншчыны” – ад гаспадароў Свіслацкага раёна гаспадарам Смаргоншчыны. Жыхароў Смаргоншчыны і гасцей фестывалю вельмі здзівіла дэфіле ў народных строях “Дакрануцца да вытокаў”, касцюмы ўдзельнікаў якога ўяўляюць варыянты арыгіналаў, альбо рэплікі традыцыйных народных касцюмаў кожнага рэгіёну Гродзенскай вобласці.

На працягу фестывалю з песнямі, музыкай і танцамі выступалі вядомыя аматарскія калектывы Гродзенскага, Смаргонскага, Дзятлаўскага, І’еўскага, Лідскага, Карэліцкага раёнаў.

На фальклорна-інтэрактыўнай пляцоўцы адбыўся гала-канцэрт пераможцаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы — 2021”, лепшых музычных прадстаўнікоў фальклорнага і народнага стыляў Гродзенскай вобласці, а таксама выступленні народных тэатраў-студый гульні з забаўляльнымі праграмамі для дзяцей і дарослых.

На падворках традыцыйнай культуры кожны раён Гродзенскай вобласці прадставіў вельмі насычаную конкурсную праграму,  прэзентацыю элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, дэгустацыю мясцовых страў, выстаўку-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці з майстар-класамі па традыцыйных рамёствах: саломапляценні, выцінанцы, вышыўцы, ткацтву, разьбе па дрэве, кераміцы і іншым.

Сапраўдным адкрыццём для смаргонскіх аматараў фальклору стаў унікальны музыка з Гродзенскага раёна Мар’ян Скрамблевіч – чалавек-аркестр, што адначасова грае на некалькіх інструментах, многія з якіх вырабляе сам, аднаўляючы старажытныя тэхналогіі. Традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавышчыны, выцінанка-выбіванка з Навагрудчыны ад пераемніцы традыцыі Веранікі Клімко, кошыкi з лазы, паясы, ручнiкi, лялькi, многанацыянальны каларыт ад Iўеўскага раёна, спiральнае пляценне з травы i тканыя палавiкi ад мастоўскiх майстроў, традыцыi вырабу Велiкодных вербаў ад г. Гродна, а таксама комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне і яе знакамітую на ўсю краіну страву «банды на дубовым лісці», традыцыi выпечкi караваяў на Слонiмшчыне, «мазгi ў яйках» i «язык у вусе» ад Карэлiцкага раёна, таўчонiкi “з душамі” і абаранкі ад Смаргонi, а таксама – усё гэта магчыма было пабачыць і паспрабаваць на  багатых падворках Прынёманскага краю.

Безумоўна, яркай і адметнай кветкай у этнаграфічным вянку Панямоння сталі выступленні народнага фальклорнага калектыву “Вяргіня” Ракавіцкага Дома культуры са Шчучынскага раёна, народнага фальклорнага калектыву в. Шутавічы са Смаргоншчыны, жаночага фальклорнага гурта “Явар” Лідскага раёна, народнага фальклорнага гурта “Чараўніцы” з Ваўкавышчыны і іншых.

На фестывалі выступілі вядучыя дзіцячыя і моладзёвыя фальклорныя гурты з усёй Гродзенскай вобласці, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных побытавых танцаў і песень: узорны фальклорны гурт “Чобаты” з г. Ваўкавыску, узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” са Шчучыншчыны, дзіцячы фальклорны гурт “Крынічка” з Мастоўшчыны, фальклорны танцавальны калектыў “Тапатуха” Карэліцкага раёна, вакальны гурт Перршамайскага Дома культуры з Лідчыны, народны фальклорны гут “Жывіца” з Гродзенскага раёна, узорны фальклорны гурт “Нальшчаначка” і ўзорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” са Смаргонскага раёна.

Хэдлайнерамі фестывалю сталі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны гурт “Гасцінец” з аг.Ракаў Мінскай вобласці і арт-гурт “Багач” з г.Мінска.