Справаздачны канцэрт “Зямля, дзе пачаўся мой лёс” для жыхароў аг. Кракоўка Ашмянскага раёна

У аг. Кракоўка Ашмянскага раёна 24 лютага прайшоў справаздачны канцэрт “Зямля, дзе пачаўся мой лёс” у рамках  агляду-конкурсу сярод клубных устаноў раёна “Зямля бацькоў – мая зямля”.

Пранікнёна і задушэўна гучалі песні аб родным краі, шчаслівым дзяцінстве, мілагучнай беларускай мове, “другім хлебе” беларусаў у выкананні ўдзельнікаў дарослых і дзіцячых творчых аб’яднанняў (жаночага вакальнага гурта “Сугучча”, вакальнага дзіцячага гурта “Жытнічка”, салістаў Паліны Яблонскай, Валерыі КанцавойСоф’і ВяржынскайМарыны Горыд, Уладзіміра Карнея, Інэсы Смалонскай, Таццяны Чэрскай).

Прыемным сюрпрызам для аднавяскоўцаў стаў дуэт саксафаністаў у складзе Уладзіміра Саўчанкі і Аляксандра Пашкоўскага. Дзіцячы калектыў “Азарт” парадаваў гледачоў яскравымі танцамі. Уражаная публіка, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад кожнага нумару, выказвала шчырую ўдзячнасць артыстам цёплымі апладысментамі.