“Акенцы творчасці” расчынілі самадзейныя артысты Смаргоншчыны. У раёне праходзіць агляд-конкурс па ўсіх відах мастацкай творчасці. У мінулую пятніцу, 29 студзеня, свае таленты прадставілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Вішнеўскага Дома культуры.
У фае клуба пад гукі музыкі і спеваў мясцовыя артысты сустракалі журы са Смаргоні. У склад журы ўвайшлі начальнік аддзела культуры Таццяна Ражэва, галоўны спецыяліст Марына Клуйша і дырэктар раённага Цэнтра культуры Галіна Крацянок.
“З любоўю да роднага краю”, – менавіта так назвалі мясцовыя артысты сваю канцэртную праграму. У гэтых словах няма ні пафасу, ні фальшы. Вішнеўцы сапраўды вельмі любяць свой куточак.
Канцэрт быў багаты на розныя па тэматыцы песні. На розны ўзрост і густ. Выконвалі іх жаночая і дзіцячая вакальныя групы, трыа і сольныя выканаўцы. У складзе жаночай вакальнай групы – работнікі клуба, а таксама мясцовага СВК, школы і бібліятэкі.
Сваю “хвіліну славы” атрымалі мясцовыя “зорачкі” Анастасія Дыро, Ксенія Лобач, Мікіта Яхнавец і Маргарыта Несцер. Гарачымі апладысментамі сустракала публіка Наталлю Сырай. Жанчына працуе загадчыцай Вішнеўскага паштовага аддзялення, а ў вольны час выступае на сцэне. Святам для душы, як заўсёды, сталі песні ў выкананні Максіма Пашука.
На базе Дома культуры працуюць выязныя класы Жодзішкаўскай школы мастацтваў. 27 вучняў спасцігаюць тут азы музычнага мастацтва. Вучні і настаўнікі ў “Акенцах творчасці” таксама паказалі свае таленты.
Немагчыма не напісаць колькі слоў і пра загадчыцу Вішнеўскага Дома культуры Альфрэду Дыро, у якой толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы, які быў зроблены… 47 гадоў таму. Пра яе запал і адданасць сваёй рабоце можна складаць оды.
Напрыканцы імпрэзы начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва падзякавала самадзейным артыстам за канцэрт. Дала высокую ацэнку работам, якія прадстаўлены на выставе народнай творчасці ў фае клуба.
«Светлы шлях»
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.