У Лідзе прайшло свята сямейнага адпачынку «Мой адрас – горад Ліда» і «Тата-фэст»

Лідскі замак – гістарычная жамчужына, што велічна ўздымае свае сцены на ўездзе ў цэнтр горада і красуецца ў водах замкавага возера, сёння асабліва вабіць пад свае прахалодныя муры. З самага рання, нягледзячы на працоўны дзень і спёку, сюды паціху цягнуліся людзі – лідчане і госці горада. Менавіта замак стаў адпраўной кропкай вялікага свята сямейнага адпачынку, прысвечанага Году малой радзімы, “Мой адрас – горад Ліда!”

Мінчане Жанна і Уладзімір Дешкаўцы з унукам Даніілам накіроўваліся з Мінска ў Гродна, на 90-гадовы юбілей мамы Жанны Васільеўны. Але дарога для гэтай сям’і не проста кіламетры, але і магчымасць зазірнуць у гарады і мястэчкі, наведаць цікавыя месцы, на свае вочы ўбачыць і самому пачуць. Так было і на гэты раз: яны наведалі шэраг гарадоў і заехалі ў Ліду, дзе накіраваліся  ў Лідскі замак. “Прыгожае, цікавае месца, у якім адчуваецца гісторыя, адроджаны час”, – дзяліліся нашы госці.

Лідчанка Ірына Апанас прывяла ў замак унучку Насцю (хаця, менавіта ўнучка вадзіла бабулю за руку і ледзь паспявала выказваць сваё захапленне, так што, невядома, хто каго прывёў). “Пасля таго, як замак адноўлены, не была тут ні разу. А сёння ўражанні найлепшыя. Буду раіць свайму сыну з нявесткай прыйсці сюды сям’ёй”.

Адпачынак у замку сёння выдаўся сапраўды сямейным. Нярэдка сярод гасцей можна заўважыць сем’і. Таццяна і Аляксандр Галавачовы прыехалі з Масквы ў госці да сваякоў і ў іх экскурсійнай праграме першым пунктам таксама значыўся Лідскі замак. “Мне он напомнил корабль (как тот, что стоит снаружи, у его стен), который спокойно, мудро и горделиво плывет по волнам истории. Красивое место, с богатой, интересной историей, достойное, чтобы его посещали и восхищались».

Паглядзець, паслухаць, даведацца, больш таго – паспрабаваць, памераць, дакрануцца да жывой гісторыі, адчуць яе можа любы жадаючы. Гасцей сёння прымаюць надзвычай гасцінна і стараюцца забяспечыць іх багатымі уражаннямі.

Да ўвагі наведвальнікаў шматлікія замкавыя аб’екты і пляцоўкі. Асаблівым попытам традыцыйна карыстаецца выставачная экспазіцыя “Быт сярэдневякоўя”, дзе прапануюць прымераць даспехі, кальчугі, падняць меч. Можна паглядзець тэатр “Батлейку” і паспрабаваць стравы сярэдневяковай кухні ў карчме “Львіна хата”, якая хаця яшчэ і не адчынілася афіцыйна, але прымае кліентаў у тэставым рэжыме. Працуюць шматлікія выставы ў башні, у тым ліку з інтэрактыўнымі пляцоўкамі. Арганізоўваюцца тэматычныя экскурсіі (у тым ліку бясплатныя).

Тым часам, свята ўжо распаўсюджваецца па Лідзе. На сцэне ля Палаца культуры распачаўся музычны марафон. Змянілася некалькі канцэртных праграм: рэтра, сучаснай песні і народнай музыкі. Для лідчан спявалі і танчылі артысты Лідскага эстраднага аркестра, студыі “Акцэнт”, ансамбляў “Талер”, “Лідчанка” і “Чаравічкі”, а таксама Віктар Лебядзевіч, група “Прэмія”, тэатр гульні “100 сяброў” і інш.

Лідчане, якія падцягваліся на свята, не хавалі: ідуць менавіта на заяўлены напярэдадні ў анонсах “Тата-фэст”. Яго чакалі…

– Падобнае дзейства ў Лідзе праходзіць упершыню, а задумка належыць Палацу культуры, – расказала культуролаг Палаца культуры г. Ліды Наталля Ячмаева. – Сямейны адпачынак апошнім часам актуальны ў нашым горадзе, таму было вырашана менавіта зараз, летам, у сезон адпачынку, зладзіць падобную сямейна-забаўляльную праграму. Падкрэслю, фестываль праводзіцца ўпершыню, гэта імправізацыя, але мы чакаем актыўнасці ад тат і іх сямей, груп падтрымкі”.

Татаў, магчыма, сабралася і не вельмі шамт, але сярод іх было дастаткова смелых, крэатыўных, энергічных і здольных, гатовых паказаць і даказаць сваім родным і ўсім прысутным, што яны сапраўды найлепшыя таты.

Поўны тэкст артыкула і больш фота на афіцыйным сайце грамадска-палітычнага выдання «Лідская газета» (перайсці)