Абрад “Юр’еў карагод” у аг. Беліца Лідскага раёна

У аг. Беліца Лідскага раёна 5 мая быў прадстаўлены абрад “Юр’еў карагод”. Згодна з павер’ем, святы Юрый адмыкае зямлю, выпускае расу і распачынае рост усякай расліннасці, тым самым забяспечвае багаты ўраджай на ўвесь год. Прыгожы абрад “Юр’еў карагод” з’яўляецца традыцыйным для аг. Беліца, збірае заўсёды мноства гледачоў. Асабліва мерапрыемствам цікавяцца людзі сталага ўзросту. Сёлета фальклорнае свята прымеркавана да Года малой радзімы.

“Зарадзі, Божа, скацінку, зарадзі, Божа, ніўку, ячмень і пшаніцу, і ўсяку пашніцу”, – з такімі словамі ўдзельнікі абрадавага дзейства прайшлі праз увесь аграгарадок да крыжа, ля якога паклалі вянкі з бярозы. Пасля накіраваліся на луг, там ладзілі вясёлае гулянне – вадзілі карагоды і выконвалі песні. Цікавым момантам абраду стала ўшанаванне пастухоў. Удзельнікі мерапрыемства адорвалі іх салам, маслам, малаком і яйкамі.

На адваротным шляху гурт зайшоў у хату маладзіцы, якая “паміж Юр’ямі” выйшла замуж, і дружна заспяваў песню:

Маладая, малодачка,

Выйдзі, выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь, вынясь падарачак,

Падарачак, падарачак, паясочак,

Копу яек, копу яек на паўмісы,

Каўбасою, каўбасою абкружыці,

Белым сырам, белым сырам залажыці.

Маладзіца вынесла пачастунак і кінула паясок, які лічыцца абярэгам ад усіх урокаў. Паясок разрэзалі на маленькія часткі і раздалі ўсім удзельнікам абраду, каб збярог ад усяго нядобрага і нячыстага. Затым вярнуліся да месца, дзе распачыналася свята, і з задавальненнем паспрабавалі ласункі. Вось так цікава і па-вясноваму ў аг. Беліца ладзіцца свята Юр’я.