Юбілейная дата адкрыта,
Гады птушкай ляцяць, не дагнаць,
Але ж нам усяго толькі 30,
Дык не будзем, сябры, сумаваць!
21 чэрвеня ў Палацы культуры горада Ліды сабраліся сапраўдныя аматары народнай музыкі і песні, прыхільнікі творчасці вядомага ў Гродзенскай вобласці і за яе межамі народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”, які адзначыў свой 30-гадовы творчы юбілей.
Пачыналася ўсё 32 гады таму назад, калі ў Гудскі сельскі клуб на пасаду загадчыка прыйшоў працаваць малады таленавіты хлапец – Андрэй Колышка. На адным з мерапрыемстваў, у час выступлення мясцовага хору, удзельнік мастацкай самадзейнасці зайграў на гармоніку полечку, ды так! што гледачы ледзве ў скокі не пусціліся… Вось тады ў Андрэя Колышкі з’явілася і запала ў душу ідэя стварэння калектыва народнай музыкі. У строі ансамбля тады былі тры гармонікі і барабан. Пазней дабавіліся кантрабас і дудка, затым скрыпка і цымбалы. На працягу 30-ці гадоў у калектыў прыходзілі творчыя людзі, і кожны аддаваў ансамблю сваё натхненне і талент. Сёння ў складзе калектыву – Андрэй Колышка (кіраўнік, гармонік), Іван Кароль (гармонік), Аляксандр Пучыла (кантрабас), Марыя Дукі (цымбалы), Ганна Ліпская (скрыпка), Алена Кавальчук (дуда), Алена Мілеўская (барабан). Выдатным вакалам радуюць слухачоў салісты ансамбля – Лілія Хвайніцкая, Наталля Вайцюкевіч, Вольга Троцкая, Алеся Ярунічава, Кацярына Каспорская і Дзмітрый Пухнарэвіч.
Сучасны калектыў, як і раней, мае сваё індывідуальнае аблічча, непаўторную манеру выканання і рэпертуар, які ў асноўным складаюць беларускія, польскія, рускія народныя песні і мелодыі, а таксама апрацаваныя творы, запісаныя ад старэйшых жыхароў Лідскага раёна ў час фольклорных экпедыцый.
Адметна, што частку рэпертуару “Гудскага гармоніка” складаюць аўтарскія творы Андрэя Колышкі на словы экс-салісткі Ганны Баборык і творы, напісаныя ўдзельнікам ансамбля – Аляксандрам Пучыла на ўласныя вершы і вершы лідскага паэта Станіслава Судніка.
Народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” на высокім прафесійным узроўні прадстаўляе беларускае музычнае і песеннае мастацтва, як у нашай краіне, так і за яе межамі. За гады існавання калектыў прадставіў больш за шэсцьсот канцэртаў. “Гудскі гармонік” – удзельнік і неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх, абластных і раённых святаў, фестываляў і конкурсаў. З 2007 года звесткі пра ансамбль “Гудскі гармонік” уключаны ў Энцыклапедыю беларускага фальклору, а ў 2017 годзе – у энцыклапедычны даведнік “Беларускія народныя музычныя інструменты”.
На святочным юбілейным канцэрце гучалі віншаванні і падзякі ў адрас кіраўніка і ўдзельнікаў “Гудскага гармоніка”. Усе яны розныя па характару, па ўзросту, розныя па прафесіі, але аб’ядноўвае іх самае галоўнае – любоў да песні і зямлі беларускай.
За гады свайго існавання “Гудскі гармонік” набыў шмат сяброў. Каб павітаць і павіншаваць гэты выдатны калектыў, на свята прыйшлі народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі калыскі” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра, народны вакальны ансамбль “Святліца” Дзітвянскага Дома культуры, народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” Палаца культуры г.Ліды. Святочныя пажаданні прагучалі ад прадстаўнікоў школ мастацтваў і іншых устаноў культуры аддзела культуры Лідскага райвыканкама.
З нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці, народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” узнагароджаны Граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Падзячным пісьмом старшыні Лідскага раённага Савета дыпутатаў узнагароджваны ўдзельнік народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” – Аляксандр Пучыла, Ганаровай граматай Лідскага райвыканкама – Андрэй Колышка (кіраўнік калектыва), Падзячным пісьмом старшыні Лідскага райвыканкама – Ганна Ліпская, Граматай аддзела культуры Лідскага райвыканкама – Алена Кавальчук, Дзмітрый Пухнарэвіч. За плённую творчую дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду народных традыцый музычнага мастацтва Падзячным лістом ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” узнагароджаны ўсе ўдзельнікі ансамбля.
Віншуем народны ансамбль «Гудскі гармонік» са святам! Дзякуем яго ўдзельнікам за высокае прафесійнае майстэрства і бязмежны энтузіязм. Калектыву жадаем поспехаў і новых творчых дасягненняў. Няхай і далей, на радасць усім, квітнее народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”!
Ансамбль “Гудскі гармонік” і арганізатары праграмы выказваюць словы ўдзячнасці спонсарам свята – філіялу РУВП “Гроднахлебпрам” Лідскаму хлебазаводу, прыватнаму транспартнаму ўнітарнаму прадпрыемству “ТрыумТРАНС”, ААТ “Шклозавод “Нёман”. За творчую падтрымку, дапамогу пры падрыхтоўцы свята выказвае шчырую ўдзячнасць калектыву Палаца культуры горада Ліды.