20 сакавіка ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылося адкрыццё абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.
Усяго экспазіцыя налічвае больш за 300 выкананых у розных тэхніках экспанатаў – сувеніры з лазы, саломы, дрэва, бісеру, яечнай шкарлупіны, плеценыя кошыкі, карціны з атласных стужак, размаляваныя камяні, тканыя карціны і многае іншае.
У мерапрыемстве прымаюць удзел майстры – носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Чатыры з іх прадэманстравалі сваю творчасць на выстаўцы.
Усе работы на велікодную тэматыку прадстаўлены ў наступных конкурсных намінацыях:
- “лепшая калекцыя велікодных яек”;
- “лепшая калекцыя велікодных паштовак”;
- “лепшыя велікодныя кошыкі”;
- “лепшае дэкаратыўнае пано, прысвечанае велікоднай тэматыцы”;
- “лепшая калекцыя велікодных вербаў”.
Вынікі выстаўкі-конкурсу падвядзе кампетэнтнае журы 13 красавіка 2019 года ў г. Гродна падчас правядзення рэгіянальнага свята-кірмашу вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”.