Хвалюючы і казачны свет тэатра ў Лідзе…
У Гродзенскай вобласці існуе даўняя і багатая традыцыя аматарскага тэатральнага мастацтва. У Лідзе з 1996 года праводзіцца абласны фестываль народных тэатральных калектываў «Лідскія тэатральныя сустрэчы». Вельмі знамянальна, што фестываль праводзіцца менавіта ў Лідзе…
У далёкім 1948 годзе прафесійны акцёр Іван Шолк стварыў тэатральны гурток у Лідзе. А сёння там таксама працягваюцца традыцыі аматарскага тэатра, якія выгадавалі цэлую плеяду прафесіяналаў, працягвае стварацца гісторыя аматарскага тэатра і ў ёй будзе яшчэ шмат слаўных старонак.
Абласны фестываль народных тэатральных калектываў «Лідскія тэатральныя сустрэчы» – безумоўнае сведчанне тэатральных традыцый Ліды і вялікай зацікаўленасці лідчан у гэтым відзе мастацтва.
Ужо зусім хутка, 26-27 лістапада 2022 года Палац культуры горада Ліды пагрузіцца ў хвалюючы і казачны свет тэатра.
Удзел у фестывалі прымуць дзевяць народных тэатральных калектываў Гродзеншчыны, якія прадставяць розныя напрамкі тэатральнай творчасці. Аматарскія тэатры пакажуць драматычныя, музычна-драматычныя, батлеечныя спектаклі.
У рамках фестывалю пройдзе абласны семінар-практыкум кіраўнікоў аматарскіх тэатральных калектываў. Дзе ўдзельнікі семінара наведаюць майстар — класы прафесіяналаў, атрымаюць дапамогу і падтрымку майстроў тэатральнага жанру, убачаць лепшыя спектаклі аматарскіх тэатраў Гродзеншчыны.
Чакаем усіх у Лідзе на тэатральных сустрэчах.