Абрад “Тры Каралі” правялі ў аграгарадку Ваверка Лідскага раёна

У вёсцы Ваверка Лідскага раёна 6 студзеня адбыўся ўжо традыцыйны для дадзенай мясцовасці абрад “Тры Каралі”, які бытаваў тут больш за паўвека таму. Арганізаваць святочную містэрыю дапамаглі працаўнікі Ваверскага Дома культуры – Вадэйка Рыта Леанідаўна і Табала Ганна Леанідаўна. Рытуал адбыўся пасля святочнай службы ў касцёле.

Тры Каралі – гэта вешчуны, якія, згодна з хрысціянскімі традыцыямі, наведалі Ісуса пасля ягонага нараджэння, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і міры. Імёны вешчуноў, якія прыйшлі з падарункамі да немаўля, – Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Духоўнае значэнне абрада “Тры каралі” заключаецца ў тым, што кожны чалавек, так як і мудрацы, можа прыйсці да Бога, калі толькі гэтага па-сапраўднаму захоча. Паводле ўяўленняў мясцовых жыхароў, дом, у які заходзяць мудрацы, абавязкова будзе бласлаўлёны Усявышнім! Варта падкрэсліць, што ў абрадзе “Тры каралі” адлюставана характэрная рыса нашага народа – імкненне ўсіх адарыць увагай, добрымі пажаданнямі, павіншаваць са святам, адным словам, прынесці кавалачак радасці ў кожны дом, незалежна ад таго, заможныя гаспадары ў ім жывуць ці бедныя. У аснову абрада пакладзена шчырасць, добразычлівасць, пяшчота і ўзаемапавага.

“Тры каралі” – не проста прыгожы тэатралізаваны перформанс, гэта вяртанне да вытокаў. Цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў ваверскай зямлі рытуал мае ўсе падставы, каб у хуткім часе папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.