17 сакавіка 2022 года напярэдадні надыходзячых святаў светлага Вялікадня, у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё дзвюх тэматычных выставак – абласная выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” і персанальная выстаўка майстра выцінанкі Станіслава Муліцы “Традыцыя ў сучаснасці”. Удзельнікаў і ўсіх прысутных павітала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч.
У выстаўцы-конкурсе “Велікодны падарунак” прымае ўдзел 76 майстроў народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці і г. Гродна. У экспазіцыі прадстаўлена каля 300 работ, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: роспіс велікодных яек і выраб велікодных вербаў, салома-, лоза- і травапляценне, вышыўка, кераміка, валянне з воўны, выцінанка і інш. У персанальнай экспазіцыі майстра выцінанкі Станіслава Муліцы “Традыцыя ў сучаснасці” прадстаўлены работы на бытавыя і народныя сюжэты, духоўнага зместу. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае маштабнае пано, выкананае ў змешанай тэхніцы аплікацыі і выцінанкі па матывах “Гродзенскіх велікодных вербаў (пальм)”.
Падчас правядзення экскурсіі па выстаўцы кожны змог прыняць удзел у майстар-класах па вырабе велікодных вербаў ад народнага майстра Дамінікі Кавалёнак і яе пераемніцы Алены Шыдлоўскай з г. Гродна, а таксама выцінанцы ад майстра Таццяны Мікіцік з Гродзенскага раёна.