Брэндавае свята “Морынская залатая рыбка” адзначылі на Іўеўшчыне

Вось ужо трэці год запар аматараў зімовага адпачынку 10 лютага ў аг. Морына Іўеўскага раёна сабрала свята “Морынская залатая рыбка”.

З прывітальнымі словамі да жыхароў аграгарадка і гасцей звярнулася старшыня Іўеўскага сельвыканкама Лось Таісія Валянцінаўна, якая выказала вялікае задавальненне, што ў прынёманскім краі свята стала традыцыйным.

Галоўнай падзеяй дня стаў конкурс юшкі, якую гатавалі каманды прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна і жыхары аграгарадка. Конкурсная камісія пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Іўеўскага райвыканкама Носуль Лідзіі Вайцехаўны вызначыла пераможцаў. Лепшымі ў намінацыі “Морынская залатая юшка” стала каманда ДУА “ВВК Бакштаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”; у намінацыях “Самы арыгінальны рэцэпт прыгатавання юшкі” і “Лепшае афармленне месца для прыгатавання юшкі” – каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама; у намінацыі “Лепшая прэзентацыя юшкі” – каманда аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту; у намінацыях “Даеш моладзь!” (для ўдзельнікаў да 35 гадоў) і “Прыз сімпатый гледачоў” – каманда філіяла “Азот Агра” УСП “Новы Двор-Агра”; у намінацыі “Рыбнае багацце”– каманда УАЗ “Іўеўская цэнтральная раённая бальніца”; у намінацыі “Лепшая рэклама юшкі” – каманда УА “Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”; у намінацыі “Водар малой радзімы” –  каманда жыхароў аг. Морына (Гудзень Аляксандр Георгіевіч). Сваіх пераможцаў вызначылі грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” (каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама і каманда філіяла “Азот Агра” УСП “Новы Двор-Агра”).

Удзельнікі конкурсу юшкі атрымалі дыпломы і падарункі, а таксама шчырую падзяку ад людзей, якія спрабавалі іх выдатную страву. На свяце ў рамках Года малой радзімы распачала работу краязнаўчая экспазіцыя “Гісторыя малой радзімы” музейнага пакоя філіяла-бібліятэкі аг. Морына ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”. Усе жадаючыя з задавальненнем наведалі экспазіцію, дзе пазнаёміліся з багатай гісторыяй морынскага краю.

У памяшканні ўстановы культуры дзіцячым узорным тэатральным калектывам Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў было паказана жартоўнае тэатралізаванае прадстаўленне па матывах казкі А.С. Пушкіна “Казка пра рыбака і рыбку”. Цікавую канцэртна-забаўляльную праграму прапанавалі гледачам калектывы аматарскай творчасці аграгарадкоў Ліпнішкі, Лаздуны-1 і г.п. Юрацішкі, а таксама госці з Карэліцскага раёна.

Усіх аматараў рыбалкі творчы калектыў сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Дайліды запрасіў на сюжэтна-гульнёвую праграму “Вось дык рыбалка!”. Госці і ўсе жадаючыя мелі магчымасць пракаціцца вярхом на кані і осліку, якія прыехалі да нас з г.п. Мір Карэліцкага раёна. Разнастайную выстаўку-продаж прапанавалі рамеснікі з Іўя, Навагрудка, Слоніма, Ліды, Баранавіч і Мінска. Святочны настрой падтрымаў танцавальны флэшмоб, у якім з вялікай ахвотай прынялі ўдзел жыхары аг. Морына і госці.