Чым здзівіла гасцей фальклорнае свята ў Вялікіх Азёрках Мастоўскага раёна

Традыцыйнае фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны” адбылося ў Вялікіх Азёрках. Але ў гэтым годзе яно мела шэраг асаблівасцей. Чым жа яно здзівіла гасцей?

Вось ужо некалькі гадоў запар у аграгарадку ладзіцца прыгожае, цудоўнае, сардэчнае свята, якое выклікае цікавасць не толькі ў мясцовых жыхароў, але і ў сталічных. Кожны год сюды прыязджаюць госці з розных раёнаў нашай краіны. Уся справа ў тым, што  ім хочацца пабачыць ужо даволі вядомую Котчынскую кадрыль, уключаную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Трэба адзначыць, што Котчынская кадрыля – узор нематэрыяльнай культуры, якая захоўвае поўную аўтэнтычнасць і дакладнасць. Вось ужо шэсць пакаленняў мясцовых жыхароў выконваюць гэты танец і перадаюць яго сакрэты наступнаму. Танец, асаблівасці якога яшчэ паўстагоддзя таму мясцовыя перадавалі, як кажуць, з нагі ў нагу, спакон веку бытаваў у Котчыне. З цягам часу вёска састарэла, моладзь з’ехала, клуб закрылі… Можа, і зніклі б скокі з адметным мясцовым каларытам, калі б не перавандравала традыцыя ў суседнія Вялікія Азёркі. Тамтэйшыя вяскоўцы з імпэтам перанялі котчынскую кадрылю і цяпер даюць з ёй жару на розных вясковых святах.

Дарэчы, раней, як расказвалі старажылы, у танцы было не 20, а нават 24 калены. А вячоркі, дзе скакалі кадрылю, маглі зацягнуцца ў клубе аж да гадзіны ночы. Але і сёння жыхары працягваюць танцаваць Котчынскую кадрылю, і нават праводзяць майстар-классы для ўсіх жадаючых.

Танцавальныя фігуры адасабляюцца адна ад адной музычнымі паўзамі: “Мышка”, “Полька”, “Залёты”, “Завіванне”, “Мосцік” (іх колькасць можа быць большай ці меншай у залежнасці ад фармату свята).  Спачатку саліруе асноўны (дарослы) склад калектыву, а потым уступаюць дзеці. Глядзець на гэтае дзейства можна бясконца – так прыгожа, з задорам і радасцю выконваюць яе вяскоўцы аграгарадка Вялікія Азёркі. Адразу адчуваецца любоў да Радзімы, пашана да роднага краю, традыцый нашых продкаў.

Святочны настрой на свяце стваралі вакальны гурт “Азяраначка”, творчыя калектывы з Курылавіч, Мілявіч, Галубоў, а таксама з Бераставіцкага раёна. А колькі жартаў, прыпевак, гумарыстычных гісторый з сялянскага жыцця пабачылі госці! Не засталіся яны ў баку і ад гульнёвых праграм, што былі прапанаваны. Краналі сэрца песні “На зямельцы беларускай”, “Дзяўчынка-беларусачка”, “Сэрца беларуса”, “Зямля мая”, напэўна таму, што яны складаліся народам, у іх адлюстравана гісторыя нашых продкаў, іх побыт, радасць. А яшчэ мы  любім гэтыя песні за цеплыню і духоўнасць.

У нядзелю ўсе прысутныя маглі не толькі паслухаць народныя і сучасныя песні, але і паглядзець на цудоўныя вырабы майстроў Мастоўшчыны, а таксама набыць што-небудзь для сябе, у падарунак родным і сябрам. А падзівіцца было на што. Выдатныя іконы вышытыя бісерам, прыгожыя вырабы з дрэва! Колькі самабытных майстроў нарадзіла беларуская зямля!

Час імкліва рухаецца наперад, у жыццё пранікаюць новыя тэхналогіі, але захоўваецца ў думках і сэрцы тая спадчына, якая засталася нам ад продкаў. І як цудоўна, што мы сёння можам пабачыць і перадаць наступнаму пакаленню свой нацыянальны скарб, якім ганарымся, і які напаўняе нас жыццёвай энергіяй, энтузіязмам, чысцінёй і самабытнасцю.

Па матэрыялах Мастоўскай раённай газеты “Зара над Неманам”: І.БОЧКО (фота аўтара)

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)